НЕТ - ВОЙНЕ!
Основная версия сайта ЗДЕСЬ
2580

Информационная рассылка ОО "Белорусская ассоциация журналистов" 9-22.11.2015 г.

22.11.2015 Источник: Служба мониторинга ОО "Белорусская ассоциация журналистов"

9 лістапада стала вядома, што прыватная друкарня «Палікрафт» прымусова знішчыла наклад кнігі Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі». Дырэктар друкарні Фёдар Басько пацвердзіў «Нашай Ніве», што кнігі былі знішчаныя на загад Мінінфармацыі пад пагрозай закрыцця друкарні. Начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава заявіла прэс-службе ГА “БАЖ”, што нічога не ведае пра якія-кольвек рашэнні адносна кнігі. Пра папярэднюю экспертызу кнігі нідзе не паведамлялася.

Пасмяротную кнігу беларускага палітолага В. Сіліцкага выпусціла выдавецтва часопіса “ARCHE” ў кастрычніку 2015 г. накладам 1000 асобнікаў. У кнізе параўноўваюцца рэжымы С. Мілошавіча ў Югаславіі 1990-х і А. Лукашэнкі ў Беларусі.

10 лістапада незалежнаму журналісту з Бярозаўкі (Гродзенская вобласць, Лідскі раён) Юрыю Дзяшуку прадстаўнікі Следчага камітэта вярнулі камп'ютар. Для гэтага журналісту давялося асабіста ехаць ў Ліду. Тэхніку – камп'ютар і стары непрацуючы прынтар – забралі 19 жніўня 2015 г. міліцыянты пасля ператрусу ў кватэры журналіста. Паводле міліцыянтаў, у іх былі падазрэнні наконт дачыннасці Дзяшука да флэшмобу ў Бярозаўцы 25 ліпеня. Санкцыю на ператрус даў раённы пракурор у межах расследавання крымінальнай справы па факце правядзення акцыі.

Па словах Юрыя Дзяшука, прадстаўнікі Следчага камітэта абяцалі вярнуць яму яшчэ і стары прынтар, але дату вяртання не паведамілі. Прынтар нібыта знаходзіцца на экспертызе ў Гродна.

11 лістапада ў Мінску журналістам Сяргею Будкіну і Яўгену Шапчыцу не дазволілі весці відэаздымкі ў клубе Re:Public. Выключыць камеры загадаў дырэктар клуба Андрэй Старцаў. Журналісты здымалі сюжэт на канцэрце гурта Nizkiz для тэлеканала «Белсат». Сяргей Будкін быў загадзя акрэдытаваны на мерапрыемстве.

Нагадаем, што ў 2013 г. аналагічным чынам журналістам “Белсату” не дазволілі здымаць у клубе “Гудвін” канцэрт гурта N.R.M. А ў 2012-м канфлікт быў з арганізатарамі канцэрта Аляксандра Кулінковіча ў тым жа «Гудвіне».

13 лістапада ў Магілёве ў кватэру, дзе жыве з сям’ёй галоўны рэдактар інтэрнэт-сайта “Наш Магілёў” Ігар Барысаў, спрабавалі патрапіць сем чалавек – супрацоўнікі міліцыі Сямёнаў і Сердзюкоў, і пяцёра камунальнікаў, з якіх назваў сябе толькі адзін чалавек – старшы майстар ТДА “Камунальнік” Буксанаў.

Камунальнікі паказалі прадпісанне, у якім гаварылася, што сям’я Барысавых павінна забяспечыць ім доступ у кватэру для “сезоннага агляду” жылля. Аднак у паперы адсутнічалі пячаткі, быў подпіс толькі старшага майстра і не ўказваліся падставы для агляду кватэры. Сям’я журналіста адмовілася пусціць візітораў, бо не бачыць падстаў для правядзення агляду. Зараз Барысавы звярнуліся са скаргамі ў ТДА “Камунальнік” і Следчы камітэт, бо ўпэўненыя, што парушанае канстытуцыйнае права на недатыкальнасць жылля. Па словах І. Барысава, да іншых жыхароў дома прадстаўнікі камунальных службаў разам з міліцыяй для правядзення “сезоннага агляду” не заходзілі. Журналіст лічыць, што на яго сям’ю аказваюць ціск праз яго журналісцкую і грамадска-палітычную дзейнасць.

16 лістапада да журналістаў “Еўрарадыё” трапіў дакумент, у якім першы намеснік старшыні адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Валерый Вараніцкі просіць кіраўнікоў арганізацый падпісацца на шэраг дзяржаўных газет на 1 паўгоддзе 2016 года. “З мэтай забеспячэння праўдзівага інфармавання грамадзян пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў дакуменце. У прапанаваным спісе газеты: “Советская Белоруссия”, “Минский курьер”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Звязда” и “Вечерний Минск”.

«Для аналізу вынікаў падпісной кампаніі» адрасатаў просяць прадставіць у адміністрацыю копіі плацёжнага даручэння (квітанцыі), якія пацвярджаюць афармленне падпіскі.

20 лістапада журналісты-фрылансеры з Гомеля: Наталля Крывашэй, Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі  паведамілі, што звярнуліся са скаргамі да генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка. Журналісты спрабуюць аспрэчыць буйныя штрафы, вынесеныя ім на падставе міліцэйскіх пратаколаў раённымі судамі Гомельскай вобласці за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”. Нагадаем, Крывашэй сёлета павінна сплаціць у бюджэт 24,3 млн. рублёў, Шчыракова – 3,6 млн., а Жукоўскі – 31,5 млн.

Юрыдычны кансультант ГА “БАЖ” Леанід Судаленка лічыць, што ў справах незалежных журналістаў суддзі ўзялі на сябе адказнасць за невыкананне арт. 23 і 34 Канстытуцыі і арт. 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю.

Судовыя пастановы выносілі сёлета суддзі: Рагачоўскага раёна – Аляксандр Крайнікаў, Буда-Кашалёўскага раёна – Уладзімір Пракапенка, Гомельскага раёна – Аляксандр Лісоўскі, Цэнтральнага раёна Гомеля – Аксана Осіпава, Марына Дамненка і Віктар Казачок, Чыгуначнага раёна – Мікалай Бакуноў.

Не ўбачылі парушэнняў пры вынясенні штрафаў фрылансерам старшыня Гомельскага аблсуда Сяргей Шаўцоў, суддзі Васіль Бягун, Анатоль Сотнікаў, Мікалай Доля, а таксама намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Руслан Аніскевіч.

Ад рэакцыі Генпракуратуры на скаргі залежыць, ці будуць аштрафаваныя гомельскія журналісты-фрылансеры падаваць заявы ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Самые важные новости и материалы в нашем Телеграм-канале — подписывайтесь!