Журналістаў папрасілі напісаць тлумачальныя наконт таго, як рыхтаваўся матэрыял.
Кастрычніцкі матэрыял “В литовской армии нет дедовщины, там каждый день казармы моет уборщица...” аўтарства журналістаў “Газеты Слонімскай” Таццяны Плахетка, Мікіты Пастухова і Міколы Канановіча займеў нечаканы працяг.
У першай палове дня 9-га лістапада ў рэдакцыю завітаў участковы інспектар міліцыі Слонімскага РАУС Дзмітрый Кірыкаў, які папрасіў журналістаў даць тлумачэнні пра напісання названнага артыкула.
— З вобласці нам прыйшоў загад правесці праверку па факце публікацыі гэтага матэрыялу на тэму дзедаўшчыны. Бо гэтая праблема цяпер на асобым кантролі, — патлумачыў свой візіт старшы лейтынант міліцыі.
Тлумачэнні далі. Героеў публікацыі і іх дадзеныя не выдалі. Аўтар гэтых радкоў зрабіў сэлфі з міліцыянерам ды папрасіў калегу сфатаграфаваць для гісторыі сваю тлумачальную запіску для міліцыі.
— У вас тут так усё сур’ёзна! — сказаў на гэта міліцыянер.
Так. У нас усё сур’ёзна. Як і ў краіне наогул, у якой у мірны час прывозяць дамоў нежывых салдат.
Фота аўтара