Асноўная інфармацыя

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» - добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб'яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю.

ГА «БАЖ» дзейнічае з восені 1995 года.

Асноўнай мэтай дзейнасці ГА «БАЖ» з’яўляецца:

— садзейнічанне рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных, культурных і прафесійных правоў і законных інтарэсаў сябраў арганізацыі, іх творчаму самавыяўленню і росту прафесійнага майстэрства, стварэнне ўмоў для забеспячэння свабоды слова і друку, права на бесперашкоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі.

Асноўнымі задачамі ГА «БАЖ» з’яўляюцца:

— абарона правоў і законных інтарэсаў сябраў ГА «БАЖ» у дзяржаўных органах і міжнародных арганізацыях.

— садзейнічанне сябрам ГА «БАЖ» у стварэнні матэрыяльна-тэхнічных, арганізацыйных і іншых неабходных умоў для дзейнасці і павышэння прафесійнага ўзроўню.

— распрацоўка цывілізаванай праграмы развіцця СМІ, якая павінна стварыць спрыяльныя ўмовы для іх функцыянавання на Беларусі.

— развіццё адносін з журналісцкімі арганізацыямі іншых краін свету.

ГА «БАЖ» можа вырашаць і іншыя задачы, якія вынікаюць з мэты Статута.

Сёння ў ГА «БАЖ» налічваецца больш за 1000 сябраў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях. Некаторыя сябры арганізацыі з'яўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ. Акрамя цэнтральнага офіса ў Мінску, асацыяцыя мае 5 рэгіянальных філій.

З 1997 г. БАЖ - асацыяваны сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ).

У 2003 г. Сусветная асацыяцыя газет (WAN) узнагародзіла БАЖ "Залатым пяром свабоды" (Golden Pen of Freedom prize).

У снежні 2004 г. Еўрапейскі парламент уганараваў БАЖ прэміяй імя Сахарава "За свабоду думкі".

У чэрвені 2011 г. Атлантычная Рада Злучаных Штатаў Амерыкі ўзнагародзіла БАЖ «Прэміяй Свабоды Атлантычнай Рады». Разам з журналісцкай арганізацыяй ёй былі ўганараваныя незарэгістраваны Праваабарончы Цэнтр «Вясна» і беларускі «Свабодны тэатр».

З 2013 г. БАЖ - поўны сябра Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ).

З 1998 г. БАЖ стала вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю аб стане СМІ ў сваім рэгіёне.

Пад час выбарчых кампаній у 2004, 2006, 2007, 2010, 2012, 2015 і 2016 гадах БАЖ вёў маніторынг асвятлення тэмы выбараў беларускімі СМІ. Журналісты ў Мінску і рэгіёнах рабілі колькасны і якасны аналіз публікацый і праграм у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, фіксуючы час, адведзены розным суб'ектам выбарчага працэсу, і адзначаючы манеру іх рэпрэзентацыі. Аналітычныя заключэнні з апрацаванымі дадзенымі маніторынгу кожныя 2 тыдні прэзентаваліся на спецыяльных прэс-канферэнцыях, рассылаліся ў электронном выглядзе і размяшчаліся на сайце БАЖ на беларускай, рускай і англійскай мовах.

БАЖ з'яўляецца ўнікальнай крыніцай інфармацыі пра сітуацыю ў сферы СМІ ў Беларусі. Гэтая інфармацыя змяшчаецца на Інтэрнэт-сайце www.baj.by, а таксама рассылаецца ў электронным выглядзе па больш чым дзвюх сотнях адрасоў беларускіх і замежных калег і партнёраў БАЖ. Інфармацыя маніторынгу БАЖ шырока выкарыстоўваецца ў беларусіх СМІ.

З 2000 г. БАЖ выдае прафесійны часопіс "Абажур". "Абажур" рассылаецца ў недзяржаўныя СМІ, а таксама ў 118 дзяржаўных газет і шэсць абласных тэлерадыёаб'яднанняў. У часопісе публікуюцца матэрыялы на тэмы аб прызначэнні і ролі СМІ ў грамадстве, прафесійным абавязку і адказнасці, журналісцкай этыцы, праблемах збору і распаўсюду інфармацыі і інш.

БАЖ вялікую ўвагу надае праграмам павышэння прафесійнай кваліфікацыі журналістаў. Партнёрамі арганізацыі ў гэтым накірунку з'яўляюцца Еўрапейскі цэнтр журналістыкі (EJC), Літоўскі Саюз журналістаў; шведскі інстытут (FOJO), Дацкі Саюз Журналістаў (DJ), Нарвежскі Саюз Журналістаў, фонд Фрыдрыха Эберта і іншыя арганізацыі-партнёры.

На мапе ніжэй: гарады, у якіх жывуць сябры ГА «БАЖ». (Мапа ілюстрацыйная, колькасць сябраў арганізацыі можа змяняцца).

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

ПАВАЖАЮЧЫ сваю прафесію і ўсведамляючы яе вялікую грамадскую значнасць;

КІРУЮЧЫСЯ намерам умацоўваць давер грамадства да сродкаў масавай інфармацыі як аднаго з найбольш важных дэмакратычных інстытутаў;

ПРЫЗНАЮЧЫ Дэкларацыю Міжнароднай федэрацыі журналістаў аб прынцыпах паводзін журналістаў як стандарт прафесійных паводзін журналіста падчас атрымання, захоўвання, распаўсюду і каментавання інфармацыі;

РАЗУМЕЮЧЫ, што прафесія накладае на журналістаў асаблівую адказнасць,

сябры грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" дэкларуюць, што яны будуць прытрымлівацца наступных прынцыпаў прафесійнай этыкі:

  • ПАВАЖАЦЬ права грамадства ведаць праўду, памятаючы пры гэтым, што ніхто не можа трымаць манаполіі на ісціну.
  • АБАРАНЯЦЬ права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, свабоду выказвання.
  • ІМКНУЦЦА да максімальнай дакладнасці інфармацыі, глыбіні і праўдзівасці аргументаў падчас выказвання сваіх поглядаў, пазіцый і меркаванняў.
  • ПРЫЗНАВАЦЬ адкрыта і сумленна ўласныя памылкі.
  • ЛІЧЫЦЬ недапушчальным плагіят, свядомае скажэнне фактаў, заведама недакладныя каментары, неабгрунтаваныя абвінавачванні, атрыманне незаконнага ўзнагароджання за распаўсюд або адмову ад распаўсюду інфармацыі.
  • ПАВАЖАЦЬ іншыя погляды і меркаванні, спрыяць шырокай грамадскай дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі.
  • НЕ ДАПУСКАЦЬ дыскрымінацыі паводле расавай прыналежнасці, нацыянальнасці, спавяданай рэлігіі, полу, сексуальнай арыентацыі, палітычных і іншых поглядаў і г.д.
  • ЗАХОЎВАЦЬ правы і законныя інтарэсы трэціх асоб падчас пошуку, захавання і распаўсюду інфармацыі.
  • АБАРАНЯЦЬ канфідэнцыйнасць крыніц інфармацыі.
  • НЕ ДАГАДЖАЦЬ тым, хто пры ўладзе, памятаць, што кантроль за дзейнасцю ўладаў з'яўляецца адной з найважнейшых функцый сродкаў масавай інфармацыі.
  • ВЫКАЗВАЦЬ салідарнасць з калегамі, якія пераследуюцца за прафесійную журналісцкую дзейнасць.
  • ПРЫТРЫМЛІВАЦЦА юрысдыкцыі журналісцкай супольнасці і канфлікты з калегамі старацца вырашаць без умяшання з боку ўладаў.

Кодэкс журналісцкай этыкі (Прыняты ў 2006 годзе на з'ездзе БАЖ)

Асноўная задача журналіста - забяспечыць права грамадства на дакладную і важную інфармацыю, якая дазваляе сфарміраваць адэкватнае ўяўленне пра сацыяльныя працэсы, іх сутнасць і значэнне, пра стан справаў у сучасным свеце.

Журналіст нясе адказнасць перад грамадствам у цэлым, перад законам і перад прафесійным згуртаваннем. Сацыяльная адказнасць журналіста патрабуе ад яго дзейнічаць у адпаведнасці з асабістымі ўяўленнямі пра этыку.

Этыка прафесіі зводзіцца не да прымянення аднойчы і назаўжды ўстаноўленых правілаў, а да пастаяннай адказнасці журналіста за ўсё, што ён робіць у межах сваіх прафесійных абавязкаў.

Гэты кодэкс абвяшчаецца высокім стандартам этычных і прафесійных паводзінаў для асобаў, якія ўдзельнічаюць у пошуку, атрыманні, захоўванні, распаўсюдзе і каментаванні інфармацыі ў СМІ. Нормы кодэкса не з'яўляюцца абавязковымі патрабаваннямі, а сфармуляваны ў якасці маральных арыенціраў, эталона, па якім супрацоўнікі СМІ могуць звяраць сваю прафесійную працу. Ніякія нормы Кодэкса журналісцкай этыкі не могуць быць падставай для прыцягнення супрацоўнікаў СМІ да крымінальнай, адміністрацыйнай, грамадзянска-прававой, дысцыплінарнай ці іншай адказнасці, за выключэннем адказнасці ў межах сістэмы самарэгулявання СМІ.

Свабода друку

Свабода СМІ з'яўляецца адной з асноўных гарантыяў свабоды слова, без якой немагчыма забеспячэнне іншых грамадзянскіх правоў і свабодаў. Свабода СМІ ўключае ў сябе магчымасць свабодна абмяркоўваць і крытыкаваць дзеянні як уладаў, так і грамадскіх і прыватных структураў. Журналісты садзейнічаюць рэалізацыі права выказваць непапулярныя меркаванні ці пагаджацца з поглядамі большасці.

Журналіст абавязаны абараняць свабоду слова, захоўваць незалежнасць сваіх палітычных поглядаў і перакананняў. Ён павінен супрацьстаяць любым спробам скажэння інфармацыі ці ўвядзення цэнзуры.

Як і любы грамадзянін, журналіст мае права на палітычныя ды іншыя перакананні і прыхільнасці. Аднак у сваёй прафесійнай дзейнасці ён павінен заставацца нейтральным і аб'ектыўным.

Прынцыпы пошуку і атрымання інфармацыі

Паважаючы права грамадства на аб'ектыўную інфармацыю, журналіст абавязаны перадаваць дакладныя звесткі, а таксама спектр поглядаў на тое ці іншае пытанне. Навіны павінны грунтавацца на фактах і дадзеных, дакладнасць якіх можа быць праверана.

Журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці. Асабліва дбайна павінна быць праверана інфармацыя, якая можа зняважыць чалавека ці прынізіць яго.

Інфармацыя павінна быць атрымана законным і этычным шляхам.

Запытваючы інфармацыю, журналіст абавязаны адрэкамендавацца, назваць СМІ, які ён прадстаўляе, паведаміць суразмоўцу пра тое, што яго словы могуць быць надрукаваныя, за выключэннем выпадкаў, калі вядзецца гаворка пра атрыманне канфідэнцыйнай ці афіцыйна недаступнай інфармацыі.

Нельга злоўжываць даверам людзей. У выпадку трагедыяў, якія выклікалі шокавы ці прыгнечаны стан, журналіст павінен апытваць чалавека цярпліва і далікатна.

Збіраючы інфармацыю, журналісты не маюць права выдаваць сябе за іншых асобаў. Журналісцкі пошук інфармацыі схаванымі метадамі можа быць апраўданы толькі ў выпадках, калі здабываецца інфармацыя, якая ўяўляе грамадскую цікавасць, і няма іншых спосабаў яе атрымання.

Не павінны публікавацца матэрыялы, атрыманыя шляхам падслухоўвання ці далучэння да тэлефоннай размовы.

Журналісты павінны захоўваць у таямніцы крыніцы канфідэнцыйнай інфармацыі.

Прынцыпы публікацыі

Журналісты павінны выкладаць факты, захоўваючы іх сапраўдны сэнс, паказваючы найважнейшыя сувязі і не дапускаючы скажэнняў.

Бесстароннасць журналістыкі не азначае, што журналісты павінны ўтрымлівацца ад выказвання асабістага меркавання. Аднак чытач павінен мець магчымасць адрозніваць артыкулы, што ўтрымліваюць выкладанне фактаў, ад матэрыялаў, якія выказваюць чыё-небудзь меркаванне ці інтэрпрэтацыю падзеяў. Гэты прынцып не павінен, разам з тым, абмяжоўваць журналіста ў выбары стылю выкладу.

Журналіст не павінен быць правадніком эгаістычнага прыватнага ці групавога інтэрасу. Ён прызваны садзейнічаць таму, каб сродкі масавай інфармацыі аб'ектыўна адлюстроўвалі плюралізм поглядаў. Недапушчальныя ўтойванне важнай для грамадства інфармацыі, скажэнне фактаў.

Прадузятасць у каментары з'яўляецца парушэннем прынцыпаў журналісцкай этыкі.

Падрыхтоўку і напісанне аналітычных матэрыялаў, каментаванне тых ці іншых падзеяў журналісты павінны давяраць асобам, чые кампетэнцыя, досвед і меркаванне адпавядаюць заданню такога роду.

Характарызаваць людзей у матэрыялах СМІ па расавым прызнаку, веравызнанні, нацыянальнасці і становішчы, якое займае чалавек, неабходна толькі ў тых выпадках, калі гэта мае істотнае значэнне для правільнага разумення публікацыі (сюжэту).

Загалоўкі і падзагалоўкі газетных матэрыялаў павінны поўнасцю адпавядаць зместу артыкулаў, фатаграфіі і тэлеперадачы павінны дакладна паказваць падзеі, а не вырываць іх з кантэксту.

Непацверджаныя паведамленні, чуткі і здагадкі трэба пазначаць як такія. Сімвалічныя ілюстрацыі (фотамантажы, разыграныя сцэны, тыя ж матывы, зафіксаваныя ў іншы час і г.д.) павінны быць распазнавальнымі ці мець адпаведныя паметкі.

Асоба, што дае інтэрв'ю, мае права ведаць, у якім СМІ і ў якім кантэксце будзе пададзена яе інтэрв'ю. Журналіст абавязаны выканаць просьбу гэтай асобы, калі яна выказала жаданне прагледзець і завізаваць матэрыял перад публікацыяй.

Матэрыялы, перадрукаваныя з іншых сродкаў масавай інфармацыі, павінны мець адпаведныя спасылкі. Нават калі гаворка не вядзецца пра аўтарскае права, крыніцу раней апублікаванай трэцімі асобамі інфармацыі неабходна называць.

Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, выказваць павагу да чалавека, з якім палемізуе.

Прытрымліванне правоў і законных інтарэсаў трэціх асобаў

Журналіст павінен адрозніваць інфармацыю, якая мае грамадскую значнасць, ад інфармацыі, што патурае грамадскай цікаўнасці.

Інфармацыя пра прыватнае жыццё асобы можа быць апублікаваная толькі ў выпадку, калі яе паводзіны ў прыватнай сферы закранаюць грамадскія інтарэсы. Пры гэтым трэба правяраць, ці не парушыць публікацыя правоў трэціх асобаў.

Журналіст не павінен фатаграфаваць грамадзян у прыватным асяродку без іх згоды. Не павінны публікавацца здымкі ці выявы людзей у іх паўсядзённым жыцці, калі гэта можа зняважыць ці прынізіць іх.

Пры апісанні сямейных канфліктаў ці справаў, якія разглядаюцца судовымі ды іншымі інстанцыямі, рэкамендуецца не называць імёны непаўнагадовых.

Для працы на тэрыторыі шпіталяў ды іншых установаў аховы здароўя журналісты павінны атрымаць дазвол у адміністрацыі лячэбнай установы. Неабходна ўлічваць, што інфармацыя пра цялесныя недахопы ці захворванні ў прынцыпе з'яўляецца таямніцай прыватнага жыцця.

Пры публікацыі матэрыялаў на медычную тэматыку неабходна апусціць усё, што можа выклікаць у хворых ці іх блізкіх неабгрунтаваную і не адпаведную сапраўднаму стану справаў надзею на вылячэнне ў бліжэйшы час. З іншага боку, аднабакова крытычныя публікацыі адносна перспектываў вылячэння хваробаў, пра якія выказваюцца супрацьлеглыя меркаванні, не павінны выклікаць у хворых пачуццё няўпэўненасці і ставіць пад сумнеў магчымы поспех тэрапеўтычных захадаў.

Вынікі навуковых даследаванняў на ранняй стадыі нельга паказваць як ужо канчатковыя ці амаль канчатковыя. Неабходна ўважліва ставіцца да ахвяраў гвалту і няшчасных выпадкаў. Гэтае ж правіла распаўсюджваецца і на сведкаў і сваякоў пацярпелых. Асабліва дбайна трэба падыходзіць да адбору фатаграфіяў, што ілюструюць падрабязнасці здарэння.

Асвятленне няшчасных выпадкаў і катастрофаў не павінна пераходзіць межаў, калі знікае належная павага да пакутаў ахвяраў і пачуццяў іх блізкіх.

Неабходна ўлічваць, які ўплыў можа аказаць рэпартаж пра няшчасны выпадак ці злачынства на лёс ахвяры і яе бліжэйшых сваякоў. Нельга раскрываць імя пацярпелага ці прапаўшага без вестак да таго часу, пакуль яго бліжэйшыя сваякі не будуць ведаць пра тое, што здарылася.

СМІ не павінны патураць хваравітай цікаўнасці да дэталяў злачынстваў. Неабходна дбайна ўзважваць, што мае прыярытэт: цікаўнасць грамадскасці да атрымання інфармацыі ці інтарэсы ахвяраў ці закранутых асобаў.

Ахвяры няшчасных выпадкаў ці злачынстваў маюць права на асаблівую абарону іх імёнаў. Выключэнні дапушчальныя, калі гаворка вядзецца пра вядомых дзеячоў сучаснасці ці пра асаблівыя звязаныя з гэтым акалічнасці.

СМІ павінны пазбягаць ідэнтыфікацыі сваякоў і сяброў падазроных ці асуджаных без іх згоды.

Калі злачынства здзейснена непаўнагадовымі, неабходна адмаўляцца ад публікацыі іх імёнаў і фатаграфіяў, што ідэнтыфікуюць асобу, калі пры гэтым гаворка не вядзецца пра цяжкія злачынствы. Публікацыя імёнаў і фатаграфіяў службовых асобаў ды іншых публічных фігураў дапушчальная, калі існуе ўзаемасувязь паміж гэтымі асобамі і злачынствам.

Нельга публікаваць імёны ахвяраў сексуальнага гвалту ці дэталі, якія маглі б прывесці да раскрыцця асобы пацярпелых, калі толькі самі ахвяры не патрабуюць гэтага.

Нельга ідэнтыфікаваць дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, якія сталі ахвярамі ці сведкамі сексуальных злачынстваў.

Пры публікацыі матэрыялаў пра злачынствы ўзгадваць прыналежнасць падазронага ці злачынцы да нейкай рэлігійнай, этнічнай ці іншай меншасці дапушчальна толькі ў выпадках, калі ёсць нагода лічыць, што гэта садзейнічае лепшаму разуменню апісаных падзеяў. Такога роду згадка можа выклікаць прадузятасць у дачыненні да гэтых меншасцяў.

Асвятленне ходу следства і судовага працэсу павінна быць аб'ектыўным. На ўсіх стадыях расследавання і судовага разбіральніцтва журналіст павінен імкнуцца да поўнага асвятлення пунктаў гледжання бакоў (у крымінальным працэсе, адпаведна, пазіцыі абвінавачання і пазіцыі абароны).

Інфармацыя пра сям'ю падсуднага, род яго заняткаў, веравызнанне, нацыянальнасць, расу ці чалецтва ў якіх-небудзь арганізацыях публікуецца толькі ў тым выпадку, калі гэта мае непасрэднае дачыненне да справы. Да вынясення прысуду і канчатковага завяршэння працэсу не павінна публікавацца інфармацыя, якая можа перашкодзіць разгляду справы.

Журналісту не варта публікаваць імёны асобаў, якія здзейснілі нязначныя правапарушэнні і былі лёгка пакараныя. Выключэнне могуць складаць выпадкі, калі такія правіннасці дапускаюцца публічнымі фігурамі.

Журналіст не павінен узгадваць у СМІ пра злачынства, здзейсненае раней асобай, якая ўжо была пакаранай за яго. Гэтае правіла не датычыцца выпадкаў яўнага крымінальнага рэцэдыву, а таксама выпадкаў, калі асоба працягвае дзейнасць, звязаную са здзейсненым злачынствам, ці прэтэндуе на атрыманне высокага становішча ў грамадстве.

Звядзенне шкоды да мінімуму

Абавязкам СМІ з'яўляецца хуткае і поўнае выпраўленне дапушчаных ім памылак. Выпраўленні істотных фактычных памылак павінны публікавацца неадкладна і на бачным месцы.

Людзі, у дачыненні да якіх былі распаўсюджаны крытычныя выказванні, павінны мець магчымасць неадкладнага адказу. Гэтыя адказы не варта суправаджаць рэдакцыйнымі палемічнымі каментарамі, яны павінны мець разумны аб'ём, адпавядаць сутнасці пытання і быць прымальнымі па форме.

Незалежнасць журналіста

Журналіст павінен паводзіць сябе такім чынам, каб не зрабіцца ахвярай сутыкнення рэальных ці схаваных інтарэсаў. Неабходна адхіляць прывілегіі ці падарункі, якія могуць паўплываць на меркаванні журналіста ці стварыць такое ўражанне.

Журналіст не павінен удзельнічаць у дзеяннях ці арганізацыях, якія могуць абмежаваць незалежнасць яго меркаванняў і прычыніць шкоду яго прафесійнай сумленнасці.

Канфлікты інтарэсаў прычыняюць шкоду прэстыжу СМІ.

Прафесійны статус журналіста несумяшчальны з заняццем пасады ў дзяржаўных органах, а таксама ў кіруючых органах палітычных партыяў ды іншых арганізацыяў палітычнай скіраванасці.

Журналістам і рэдактарам не трэба займацца працай па сумяшчальніцтве, займаць выбарныя ці адміністрацыйныя пасады, калі гэта можа скампраметаваць іх маральную чысціню.

Калі ўдзел у палітычных акцыях, дэманстрацыях і рашэнні вострых сацыяльных пытанняў вядзе ці можа прывесці да канфлікту інтарэсаў, ставіць ці можа паставіць пад сумненне аб'ектыўнасць СМІ, ад яго варта адмовіцца. Нельга трапляць у залежнасць ад крыніцаў інфармацыі ці ад чыіх-небудзь інтарэсаў.

Узгадненне дзеянняў паміж СМІ і праваахоўнымі органамі апраўдана толькі ў тым выпадку, калі ў выніку дзеянняў журналістаў жыццё і здароўе ахвяраў ці іншых узгаданых людзей могуць быць абароненыя.

Журналіст не павінен выкарыстоўваць з карыслівымі мэтамі фінансавую інфармацыю, атрыманую ў межах яго прафесійнай дзейнасці, да яе публікацыі ці перадачы яе іншым асобам. Ён не павінен пісаць пра каштоўныя паперы, што складаюць сферу яго матэрыяльных інтарэсаў ці інтарэсаў яго сямейнікаў, не паведаміўшы пра гэта галоўнаму рэдактару.

Журналіст не можа быць аўтарам платнай рэкламы ці рэкламных матэрыялаў.

Платныя публікацыі падпадаюць пад нормы, звязаныя з рэкламай. Гэтыя публікацыі павінны быць аформленыя такім чынам, каб чытачам было зразумела, што гаворка вядзецца пра рэкламу.

Рэдакцыйныя матэрыялы павінны быць дакладна адмежаваныя ад рэкламы.

Пры распаўсюдзе інфармацыі пра спажывецкі рынак трэба паказваць, якім чынам і па якіх прычынах робіцца выбар на карысць тых ці іншых тавараў, пазбягаць аднабаковай падачы інфармацыі - толькі пра адну групу тавараў і паслуг, пра прадукцыю толькі аднаго вытворцы, адну фірму, сетку рэстарацыяў і г.д.

Журналіст не павінен пісаць ад імя іншага чалавека ці падпісваць яго матэрыялы сваім імем.

Журналіст не павінен прапаноўваць свае матэрыялы іншым СМІ без дазволу рэдакцыі. Калі журналіст, які працуе ў рэжыме "фры-ланс", прапануе матэрыял адразу некалькім СМІ, то ён павінен паведамляць пра гэта прадстаўнікам кожнага наступнага СМІ, да якога звяртаецца.

Публікацыя матэрыялаў не павінна мець у якасці першачарговай задачы выйгрыш прызоў і ўзнагародаў.

Журналіст павінен устрымацца ад публікацыі крытычных матэрыялаў, у аснове якіх ляжаць факты яго біяграфіі, бо гэта можа выклікаць уяўленне пра яго жаданне звесці рахункі.

Журналісцкая салідарнасць

У паўсядзённай працы журналісту рэкамендуецца падтрымліваць баланс паміж сумленнай канкурэнцыяй і прафесійнай салідарнасцю.

Ні асобныя журналісты, ні калектывы СМІ не павінны зводзіць рахункі праз мас-медыя. Падобныя паводзіны спрычыняць шкоду не толькі іх прэстыжу, але і прэстыжу прафесіі ў цэлым, бо гэта падрывае давер грамадства да СМІ. Пры вырашэнні канфліктаў з калегамі журналіст аддае прыярытэт юрысдыкцыі журналісцкага згуртавання.

Журналіст абавязаны абараняць прафесійныя годнасць і прэстыж, выяўляць салідарнасць з калегамі, якіх пераследуюць за прафесійную дзейнасць.

Статут ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Маніфест сумлення

ЖУРНАЛІСТЫКА – ПРАФЕСІЯ СУМЛЕННЫХ І АДКАЗНЫХ

Зварот дэлегатаў VI з’езду грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» да журналісцкай супольнасці краіны

У журналісцкай супольнасці краіны адбываюцца надзвычай негатыўныя працэсы. Апошнім часам мы сталіся сведкамі акцый грамадзянскага абурэння працай некаторых дзяржаўных масмедыя. Замест усебаковай і аб’ектыўнай інфармацыі пра найбольш істотныя падзеі і працэсы, што адбываюцца ў нашым грамадстве, гледачам, слухачам і чытачам прапануецца аднабаковы погляд на беларускую рэчаіснасць.

Разам з тым, у канцы мінулага года недзяржаўная прэса была пазбаўлена магчымасцяў шырокага распаўюду, а ў некаторых выпадках — і друку ўнутры краіны. Адзначым, што падставай для скасавання дамоваў на распаўсюд і друк не былі абвінавачванні ў скажэнні інфармацыі ці непрафесійнай дзейнасці недзяржаўных газет. Выдаленне незалежнай прэсы з беларускай інфармацыйнай прасторы, насамрэч, адбылося з мэтай аблегчыць працу тым, хто блытае журналісцкую прафесію з прапагандысцкай дзейнасцю.

Гэта прымушае нас яшчэ раз звярнуць увагу на сутнасць журналісцкай прафесіі, яе ролю ў грамадстве, а таксама на праблему маральнай адказнасці журналістаў за сваю працу. Мы прапануем усім нашым калегам зрабіць прынцыповы выбар на карысць прафесіі, а не абслугі партыкулярных інтарэсаў асобных сацыяльных ці прыўладных груповак. Мы нагадваем, што ад нашай прафесійнай дзейнасці залежыць будучыня нашай краіны.

Грамадства, пазбаўленае ўсебаковай, аб’ектыўнай і непрадузятай інфармацыі, нагадвае сляпога чалавека, які не ведае, куды ён рушыць ці куды яго вядуць. Неадэкватнасць інфармацыі пра стан грамадства заўсёды вядзе да неадэкватных ці несвоечасовых рашэнняў. А грамадства, якое не бачыць ці не ўсведамляе сваіх праблем, рана ці позна апынецца ў сітуацыі глыбокага палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага крызісу.

Мы звяртаемся да ўсіх нашых калег з заклікам усвядоміць усю глыбіню адказнасці, якую журналісты нясуць перад грамадствам. Гэта толькі наша роля — пісаць і гаварыць праўду, нават тады, калі гэта не падабаецца ўладам ці самому грамадству. Нават тады, калі тое падаецца амаль немагчымым, журналіст не мае права быць несумленным у сваёй працы.

Да таго ж, мы цалкам усведамляем небяспеку дэградацыі прафесіі журналіста і папярэджваем, што за несумленнасць журналістаў грамадству раней ці пазней даводзіцца плаціць па рахунках тых скажоных і ілжывых уяўленняў, якія яму навязваліся.

Мы, сябры «Беларускай асацыяцыі журналістаў», абвяшчаем сваю адданасць прынцыпам прафесійнай журналістыкі і журналісцкай этыкі і прыкладзем усе намаганні, каб у беларускім грамадстве запанавалі свабода слова, праўдзівая і нескажоная інфармацыя.

Стратэгія БАЖ на 2015-2017 г.г.

Справаздача пра дзейнасць БАЖ у 2012-2015 г.г.

Спіс сузаснавальнікаў ГА "БАЖ"