2277

За правоз «экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў» будзе пагражаць штраф да 105 мільёнаў

11.03.2016 Крыніца: Tut.by Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

У Беларусі падрыхтаваныя змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У новай рэдакцыі дакумента з'явіцца адказнасць «за перавозку экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі».

Змены плануюць унесці ў артыкул 17.11 КаАП. На дадзены момант ён гучыць так: «Выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Калі ж змены будуць унесены, то адказнасць будзе пагражаць за «распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць».

За падобнае правапарушэнне будзе пагражаць штраф да 4,2 млн рублёў — фізічным асобам, ад 4,2 да 10,5 млн — ІП і ад 10,5 да 42 млн — юрыдычным асобам. Інфармацыйная прадукцыя, прызнаная экстрэмісцкай, будзе канфіскавана.

За распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, штрафы будуць вышэйшыя: ад 2,1 да 10,5 млн рублёў — фізічным асобам, ад 10,5 да 21 млн — ІП і ад 21 да 105 мільёнаў — юрыдычным асобам. Фізасобы таксама могуць быць арыштаваны.

Экстрэмісцкімі матэрыяламі лічыцца інфармацыйная прадукцыя, прызначаная для публічнага выкарыстання, публічнага распаўсюджвання альбо распаўсюджаная любым спосабам, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе такую дзейнасць і прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнні суда.

Па беларускім заканадаўстве, пад вызначэнне экстрэмізму падпадае дзейнасць па гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу, захопе дзяржаўнай улады, стварэнні перашкодаў працы дзяржорганаў і службовых асоб.

Тут можна пачытаць пра выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы ў 2012 – 2015 г.г..

Выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы. 2012-2015 г.г. (Табліца, абнаўляецца)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!