2435

Twitter блакуе вядомых украінскіх блогераў. Як не даць сябе забаніць?

09.01.2016 Крыніца: Радыё Свабода Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

Паводле новых правілаў сэрвісу ўжо заблакаваныя дзясяткі вядомых украінскіх блогераў. Але за тыя самыя парушэнні не чапаюць прарасійскіх.

30 снежня папулярная сацсетка Twitter паведаміла пра абнаўленне правілаў сэрвісу, скіраваных супраць абразаў і заклікаў да гвалту. Але ўвядзенне новых правілаў прывяло да блакіровак многіх украінскіх, праўкраінскіх і антыпуцінскіх акаўнтаў.

Пад блакаванне патрапілі @persident_urk, @olegnovikovkh, @pv_petrychenko, @lvivzradko, @banderenko, @reggaemortis1, @tukvasociopat, @SPaWN_ua. Прычым некаторыя з гэтых акаўнтаў мелі нават больш за 400 000 падпісантаў.

Галоўная прычына бану — заклік да гвалту супраць сепаратыстаў, якія забіваюць украінцаў. Але блакуюць паводле новых правілаў чамусьці за твіты гадавой даўнасці — нават за цытаты — і толькі людзей з праўкраінскай і антыпуцінскай пазыцыяй. За тыя самыя парушэнні не выдаляюць троляў з Расіі, якія заклікаюць «выразаць» украінцаў і размяшчаюць жудасныя фота забітых украінскіх салдатаў.

Самае цікавае, што на скаргі на гэтыя твіты троляў тэхнічная падтрымка вельмі часта нават не адказвае. Але разам з тым кожны дзень выдаляе некалькі буйных праўкраінскіх акаўнтаў. На блакаванне акаўнтаў уплывае масавасць скаргаў, і падобна на тое, што нейкая арганізацыя тыпу «Ольгино» магла наствараць тысячы ботаў, каб тыя дзень і ноч шукалі даўнія твіты, якія парушаюць правілы сэрвісу, і скардзіліся ў тэхнічную падтрымку.

«Мяркуючы па адсутнасці адкрытага каардынацыйнага цэнтру, верагодна, працэс пошуку твітаў, якія парушаюць правілы, і адпраўкі скаргаў адбываецца ў аўтаматычным рэжыме, з выкарыстаннем ботаў», — піша на Facebook пра блакаванне праўкраінскіх акаўнтаў расійскі блогер Кірыла Міхайлаў, які летась пераехаў ва Ўкраіну.

На сітуацыю ўжо адрэагаваў нават пасол Украіны ў Фінляндыі, які з'яўляецца актыўным карыстальнікам твітэру. Ён апублікаваў зварот да тэхпадтрымкі кампаніі з просьбай звярнуць увагу на блакаваньне ўкраінскіх акаўнтаў. Пасол таксама прапануе рабіць скрыншоты, якія б дазволілі даказаць зламысны характар банаў ад расійскіх троляў.

Што зрабіць каб цябе не заблакавалі?

1. Змяніць у наладах twitter мову на ангельскую. Такім чынам усе скаргі будуць ісці ў заходнюю тэхпадтрымку, а не ў расійскую, бо блогеры падазраюць, што расійскаму сэрвісу нельга давяраць.

2. Змяніць у наладах краіну. Лепш ЗША ці нейкую еўрапейскую.

3. Прывязаць свой нумар тэлефона да акаўнту twitter.

4. Выдаліць усе свае твіты. Каб гэта зрабіць, вам патрэбна спачатку спампаваць архіў усіх сваіх твітаў на пошту. Гэта робіцца ў наладах. А потым спампаваць праграму Twitter Archive Eraser з дапамогай якой вы можаце выдаліць абсалютна ўсе свае твіты. Спасылка на праграму: http://martani.github.io/Twitter-Archive-Eraser/

5. Прытрымлівацца новых правілаў, не пісаць ніякіх словаў, якія могуць быць прычынай блакавання. Не заклікаць да гвалту, нават у жартаўлівай форме.

6. Не адказваць тролям. Шмат хто з іх спецыяльна вас правакуе, каб потым паскардзіцца на вашыя твіты.

Блакаванні ўкраінскіх блогераў ужо адбываліся ў Facebook паводле падобнага сцэнару. Паўгода таму прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка звяртаўся да стваральніка Facebook Марка Цукерберга з просьбай аб адкрыцці ўкраінскага падраздзялення кампаніі дзеля барацьбы з блакаваннямі з палітычных матываў. Цукерберг адмовіў у адкрыцці падраздзялення, але масавыя блакаванні праз пэўны час спыніліся.