НЕ - ВАЙНЕ!
311

"Зялёны партал" перастаў адкрывацца ў Беларусі

15.09.2022 Крыніца: БАЖ

На загад Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакаваны доступ да экалагічнага сайта “Зялёны партал”. Дзяржаўныя і камерцыйныя правайдары распараджэнне ўжо выканалі, пра што сведчыць адпаведная “плашка” на экране.  З-за мяжы сайт пакуль яшчэ даступны для чытачоў.

Цяпер наведнікаў інфармацыйнага сайта “Зялёны партал” вітае ўжо сумна вядомы рускамоўны “лагатып”: Доступ к информационному ресурсу ограничен на основании решения Министерства информации Республики Беларусь, принятого в соответствии с законом “О средствах массовой информации”.

Рэдактарка “Зялёнага партала” Яніна Мельнікава ў гутарцы са службай маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў зазначыла, што паколькі ў цяперашніх умовах ніхто ў краіне не абаронены ад бяспраўя, вялікай нечаканасцю канстатацыя факта не стала. Таму і рэдакцыя, і журналісты працягваюць працаваць, а наведнікаў, у сваю чаргу, заклікаюць карыстацца “абыходнымі шляхамі”.

— Што сталася падставай блакіроўкі — нам невядома. Прызнацца шчыра, нават і не цікава, бо ў краіне ж “не да законаў”. Таму Міністэрства інфармацыі можа рабіць усё, што пажадае, і з усімі, з кім пажадае. Цяпер галоўная задача — зрабіць так, каб чытачы працягвалі атрымліваць грамадска-значную інфармацыю пра стан экалогіі ў Беларусі і рэгіёне. Хто яшчэ не паставіў на свае прылады VPN, зрабіце гэта і працягвайце заходзіць на партал, дзе штодня аднаўляецца стужка навінаў, з’яўляюцца аналітычныя тэксты, абнаўляюцца падкасты і вядзецца экалагічная хроніка вайны, — гаворыць спадарыня Мельнікава.

Гэта ўжо не першая сёлета прэтэнзія з боку дзяржаўных кантралёраў, прычым, не толькі беларускіх. Напрыканцы сакавіка рэдакцыя нечакана атрымала ліст з расійскага нагляднага органа “Роскомнадзор”. Як аказалася, прычынай абурэння стала адна з публікацый экалагічнай хронікі вайны ва Украіне.

На основании требования генерального прокурора Российской  Федерации требуем немедленно удалить информацию, которая распространяется с нарушением закона, – прыгразілі ў лісце, паабяцаўшы абмежаваць доступ да рэсурсу ў выпадку ігнаравання запыту.  

Кіраўніцтва “Зялёнага партала” адказала, што працягне называць агрэсію “вайной”, як гэта рабіла з першага дня ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю суверэннай Украіны. На што “Роскомнадзор”, як і абяцаў, заблакаваў беларускі рэсурс. 

— Мы не плануем хавацца за іншымі фармулёўкамі, тым больш, калі гэтага па незразумелай прычыне патрабуе ведамства замежнай дзяржавы. Так, у выніку блакавання страцілі значную частку сваёй аўдыторыі ў Расіі. Аднак гэта такая цана, якую мы заплацілі за тое, што называем вайну вайной і з першага дня ганебнага ўварвання вядзем яе экалагічныя хронікі, — патлумачыла пазіцыю рэдактарка інфармацыйнага рэсурсу.  

Якраз год таму да Яніны Мельнікавай прыйшлі з ператрусам беларускія сілавікі — нібыта як да сведкі ў некай іншай крымінальнай справе. Здарылася гэта неўзабаве пасля таго, як яна дала абвестку ў сацсетках пра набор аўтараў для супрацы з экалагічным парталам. 

І хоць вобшук нічога не даў, журналістку даставілі ў Партызанскі РУУС Мінска. Не знайшоўшы іншых падстаў, звінавацілі ў тым, што “жанчына  адмаўлялася выходзіць са службовай машыны, размахвала рукамі і спрабавала збегчы”. 

У сувязі з адміністрацыйнай справай за “непадпарадкаванне міліцыі” наступныя 72 гадзіны (затрыманне прыпала на выходныя) рэдактарка “Зялёнага партала” правяла ў ізалятары на Акрэсціна.

А ўжо суд на падставе пратакола сведкаў-міліцыянтаў аштрафаваў “фігурантку” на 95 базавых велічыняў (2755 рублёў ці больш за 1000 долараў у эквіваленце па тагачасным курсе). Пасля гэтага Яніну Мельнікаву вызвалілі.

У той жа дзень стала вядома пра ператрус у кватэры заснавальніцы грамадскага аб'яднання “Экадом” Ірыны Сухій. Напрыканцы жніўня 2021 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў арганізацыю, а сама актывістка з’ехала ад пераследу за мяжу.

“Зялёны партал” — медыяпраект ініцыятывы “Зялёная сетка”. Гэта   супольнасць экалагічных арганізацый, экспертаў і актывістаў, аб’яднаных прынцыпамі добраахвотнасці, партнёрства і раўнапраўя. Галоўная місія — дасягненне гармоніі паміж чалавекам і прыродай праз ўстойлівае развіццё і моцны зялёны рух.

Чытайце яшчэ:

Маці журналіста Дзяніса Івашына: Дзяніс выйдзе і ўсё роўна будзе пісаць

13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму: агучаны вырак журналісту-расследавальніку Дзянісу Івашыну

Калега палітзняволенай Ксеніі Луцкінай: Яе лічылі за "сваю", таму цяпер катуюць і будуць максімальна помсціць за "здраду"

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!