239

Звесткі пра дзейнасць камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва сталі даступнымі толькі пасля скаргі ў Мінпрацы

11.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Юрыст, сябра ГА “БАЖ” Алег Мацкевіч яшчэ ў снежні мінулага года звярнуўся да старшыні камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Барысаўскага раёна Пятра Навіцкага з шэрагам пытанняў, якія тычыліся вынікаў працы камісіі за час яе існавання. У прыватнасці, юрыста цікавіла: колькі жыхароў Барысаўскага раёна знаходзіцца ў базе дадзеных працаздольных грамадзян, незанятых у эканоміцы, колькі з іх было працаўладкавана за час дзейнасці камісіі і іншая падобная інфармацыя.

У адказе на зварот Пётр Навіцкі, спаслаўшыся на Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, напісаў, што не можа даць запытаная звесткі. Адказ старшыні раённай камісіі Алег Мацкевіч абскардзіў у Мінскі абласны выканкам, але безвынікова. Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Алег Семянчук паведаміў, што “адмова камісіі ў прадстаўленні звестак, якія тычацца трэціх асоб, правамерная”.

Лічачы, што адмова даць паўнавартасны адказ з боку старшыні камісіі Пятра Навіцкага незаконная і неабгрунтавана абмяжоўвае правы грамадзян на доступ да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўнага органа, юрыст звярнуўся ў Савет Міністраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

З Савета Міністраў скаргу перанакіравалі ў Мінаблвыканкам, адкуль адказалі яшчэ раз агульнымі фразамі без канкрэтных лічбаў.

Больш вычарпальныя звесткі пра дзейнасць барысаўскай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Алег Мацкевіч атрымаў з Мінпрацы і сацабароны. Аднак некаторыя пытанні засталіся без адказу. Напрыклад, юрыст так і не даведаўся пра тое, колькі незанятых у эканоміцы барысаўчан знаходзяцца ў базе дадзеных працаздольных грамадзян, колькі барысаўчан працаўладкавана часова з накіраваннем на грамадскія працы і інш.

Каб атрымаць гэтыя звесткі, Алег Мацкевіч намераны паўторна звярнуцца ў міністэрства.

#праванаінфармацыю #pravanainfo