431 0

Звароты ў суд і ў міліцыю не дапамаглі: Паўлу Левінаву прысудзілі арышт на 15 сутак

17.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У адсутнасць віцебскага праваабаронцы завяршыўся працэс над ім у Кастрычніцкім райсудзе Віцебска. Паводле падзеяў 25 і 26 сакавіка, суддзя Іна Грабоўская абвінаваціла Паўла Левінава ў парушэнні парадку правядзення масавых акцый.

Павел Левінаў тлумачыць, што сапраўды прысутнічаў на вулічных акцыях, але абсалютна з іншай мэтай:

“Яшчэ 15 сакавіка я накіраваў у абласную ўправу МУС паведамленне, што назіральнікі ад РПГА БХК будуць праводзіць маніторынг масавых мерапрыемстваў у Віцебску. Атрымаў адказ ад намесніка начальніка, што паведамленне прынята да ведама, прычым мне яшчэ падзякавалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю… А 26 сакавіка затрымалі і склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле артыкула 23.34 КаАП.  Нібыта я выказваў свае палітычныя погляды падчас святкавання Дня Волі, а назаўтра — сваё стаўленне да Дэкрэта № 3. Пасля затрымання я звярнуўся ў абласную міліцэйскую ўправу: маўляў, як у міліцыі так атрымліваецца? А мне адказалі, што дзейнасць назіральніка не з’яўляецца падставай для скасавання распачатай супраць мяне адміністрацыйнай справы. Не паўплывалі на рашэнне суддзі ні абураныя водгукі міжнародных праваабарончых  структур, ні заступніцтва жыхароў Віцебска, якія сабралі 75 подпісаў за тое, каб спыніць распачаты супраць мяне судовы пераслед”.

На судовым працэсе 17 красавіка Паўла Левінава не было. Ягоныя інтарэсы прадстаўляў родны брат Андрэй Левінаў. Ён хадайнічаў, каб суддзя перанесла працэс, але тая не пагадзілася:

Пасля затрымання 26 сакавіка Павел трапіў у шпіталь з гіпертанічным крызам. Цяпер ён працягвае лячэнне ў Кіеве. Левінаў даслаў пісьмовую просьбу, каб суд не разглядаў справу ў ягоную адсутнасць. Але спадарыня Грабоўская не пагадзілася. Дакладней, адзін раз разгляд справы перанеслі на некалькі дзён, а другі раз адтэрмінаваць разгляд яна не захацела. Суд зрабіў запыт у паліклініку Паўла па месцы жыхарства, і адтуль адказалі, што на дадзены момант ён не лечыцца ў мясцовых установах. Гэтага суддзі падалося дастатковым, каб разглядаць справу завочна. На працэсе не было ні прафесійнага адваката — бо ў Паўла ёсць дамова з адвакатам, але ён знаходзіцца ў Літве, ні нават сведкаў-міліцыянтаў. Суддзя прачытала ліст з ГА “БАЖ”, дзе гаварылася, што Павел быў на мерапрыемствах і ў якасці пазаштатнага журналіста, і ліст з рэдакцыі газеты «Витебский курьер», дзе гэта пацвярджалася. Аднак ніякай ролі гэтыя дакументы не адыгралі.

Суд прызнаў Паўла Левінава вінаватым ужо таму, што ён прысутнічаў у тым месцы, дзе сабраліся людзі. Нічога іншага два фрагменты аператыўнага відэазапісу, прагледжаныя падчас працэсу, даказаць не маглі.

Вырак суддзі Грабоўскай быў адзін у адзін падобны да ранейшых, вынесеных у дачыненні да журналістаў і праваабаронцаў — 15 сутак арышту.

Роўна столькі ж давялося адбыць віцебскім БАЖаўцам Леаніду Свеціку і Канстанціну Мардзвінцаву. 10 сутак арышту было прысуджана журналісту-фрылансеру з Оршы  Арцёму  Сізінцаву, чакае суду паводле падзеяў 25 сакавіка і журналіст-фрылансер з Віцебску Сяргей Русецкі.   

Каментары