1959

Звальненне з «Unistar»: «згода бакоў» ці ўсё ж ідэалогія?

20.07.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Многія СМІ 17 ліпеня паведамілі пра звальненне журналіста FM-радыё «Unistar» Сяргея Грудніцкага «за выкарыстанне ў выпуску навінаў паведамленняў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН».

«Супрацоўніцтва з радыё «Unistar» з падачы Мінінфарма на гэтым сканчаецца. Нагодай сталі дзве БелаПАНаўскія навіны ў эфіры (цалкам, дарэчы, бяскрыўдныя). Але для іх, як вядома, важна не толькі ШТО, але і АДКУЛЬ», — напісаў Сяргей Грудніцкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

20 ліпеня, дарэчы, гэтага допісу на старонцы журналіста ўжо не было – толькі падзяка за чалавечую салідарнасць. Як патлумачыў сам Сяргей Грудніцкі прэс-службе ГА «БАЖ», ён зняў допіс па просьбе кіраўніцтва радыё з-за вялікага розгаласу, што атрымала гэтая гісторыя 17 ліпеня. Між тым, ад сваіх словаў журналіст не адмаўляецца і па-ранейшаму сцвярджае, што прычынай скасавання працоўных стасункаў сталі зачытаныя ў эфіры навіны БелаПАН. Падрабязней на гэтую тэму ён будзе гатовы пагутарыць пазней.

Профіль вядоўцы на сайце «Unistar» дагэтуль ёсць, і афіцыйна ён там яшчэ працуе.

Гэта пацвердзіў прэс-службе ГА “БАЖ” праграмны дырэктар радыё Аляксандр Налівайка. Ён паведаміў, што Сяргей Грудніцкі пакуль задзейнічаны на выпусках навінаў і будзе працаваць яшчэ некалькі дзён. Але працоўныя стасункі з ім сапраўды скасоўваюцца з фармулёўкай «па згодзе бакоў».

Інфармацыю пра тое, што прычынай сталі навіны БелаПАН, сп. Налівайка аспрэчыў. «Ніякай ідэалагічнай падаплёкі тут няма. Мы займаемся музыкай, а не палітыкай», – некалькі разоў падкрэсліў ён. Па словах праграмнага дырэктара, на радыё проста адбываюцца арганізацыйныя і кадравыя змены – напрыклад, пасады кіраўніка інфармацыйнай службы, якую займаў Сяргей Грудніцкі, цяпер наогул не будзе.

Аляксандр Налівайка кажа, што забароны на выкарыстанне нейкіх крыніц інфармацыі на «Юністар» няма. Ёсць пералік СМІ, з якімі радыё мае дамовы пра супрацоўніцтва, але БелаПАН – не ў іх ліку. На пытанне, ці ўмешваецца Мінінфармацыі ў дзейнасць радыёстанцыі, праграмны дырэктар сказаў: «Коратка адказваючы на ваша пытанне – не».  

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!