231

Зьняволены ў СІЗА КДБ Рыгор Кастусёў мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі,— дачка палітвязьня

27.07.2021 Крыніца: Радыё Свабода

Рыгору Кастусёву, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, неабходная шпіталізацыя, паведаміла ягоная дачка Кацярына. 27 ліпеня палітыка наведала адвакатка.

Стан здароўя 64-гадовага Рыгора Кастусёва пагоршыўся. 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу, піша БелаПАН.

З 2 па 14 ліпеня ён ужо праходзіў абсьледаваньне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі СІЗА № 1 Менску. Сюды ён трапіў у экстраным парадку з адышкай, ацёкамі канечнасьцяў, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай сьвядомасьцю. Такі стан быў зьвязана са сьпякотай, вільготнасьцю і дрэннай вэнтыляцыяй у камэры.

Раней сям’я выказвала асьцярогу, што вяртаньне ў «невыносныя ўмовы» СІЗА КДБ пагоршыць ягоны стан. Аднак сьледзтва вырашыла зноў пасадзіць зьняволенага за краты.

«Мэдыкамэнты, якія даюць лекары ў СІЗА, бацьку не дапамагаюць, яму становіцца толькі горш, — расказала Кацярына Кастусёва. Паводле апошніх аналізаў, наогул падазрэньне на анказахворваньне. Тэрмінова патрэбная біяпсія, але яго трымаюць у камэры».

27 ліпеня адвакатка Інэса Аленская падала ў сьледчыя органы яшчэ адно хадайніцтва аб шпіталізацыі падабароннага. Папярэдняе было ў чэрвені, яго не задаволілі.

«Я кансультавалася зь лекарамі і, па іх словах, без апэратыўнага ўмяшаньня, хутчэй за ўсё, ужо не абысьціся. Сёньня пляную накіраваць яшчэ адзін запыт на інфармацыю аб стане здароўя таты», — дадала Кацярына.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове, пасьля чаго даставілі ў КДБ. Неўзабаве Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы, якая плянавала замах на яго і яго дзяцей. У гэтым пераліку таксама фігуравалі палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юрась Зянковіч, іх затрымалі ў Маскве. Пазьней кампанію ім склалі экспэрткі Валерыя Касьцюгова і Тацяна Кузіна.

Усім прад’яўленыя абвінавачваньні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!