НЕ - ВАЙНЕ!
477

Зняволенага журналіста Сяргея Сацука не чакаючы апеляцыі перавялі ў магілёўскую турму

12.11.2022 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, зняволенага рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука этапавалі ў магілёўскую турму №4.

Новы адрас для лістоў і тэлеграм: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

26 кастрычніка суддзя Святлана Бандарэнка пакарала Сяргея Сацука пазбаўленнем волі тэрмінам на 8 гадоў. Сяргей Сацук падаў апеляцыйную скаргу на гэты прысуд, якая пакуль яшчэ не разгледжана.

Сацуку таксама назначаны штраф у памеры 16 тысяч беларускіх рублёў. Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12 тысяч 384 беларускіх рублёў.

Арыштаваная маёмасць — аўтамабіль, некалькі мабільных тэлефонаў, ноўтбукаў, планшэтны камп'ютар, 11 флэш-назапашвальнікаў, дыктафон, карту памяці - пакінуць пад арыштам у лік забеспячэння выканання прыгавору ў частцы штрафу.

Сяргей Сацук — галоўны рэдактар інтэрнэт-партала "Ежедневник" (ej.by), аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме. Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. У той жа дзень дома ў яго адбыўся ператрус, а доступ да сайта партала «Ежедневник», дзе Сацук публікаваў свае журналісцкія расследаванні, быў заблакіраваны.

Сяргея вінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт.430 («Атрыманне хабару»), арт.130 («Распальванне варожасці»), арт.426 («Перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў»).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!