1450

Знявага ў сацсетках: сёння пачаўся суд

02.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

Жыхарку Бараўлян Алену Максімаву падазраюць у знявазе намесніка начальніка ЖКГ Мінскай вобласці Валерыя Хахлова ў групе ВКонтакте «Боровляны – Защита Леса». Пратакол па арт. 9.3. КаАП склала ў пачатку мая РАУС Мінскага раёна па заяве пацярпелага.

У групе абмяркоўваўся канфлікт, звязаны з пракладкай ліўневай каналізацыі праз стары лес у Бараўлянах. Жыхары Бараўлян пратэстуюць супраць гэтага і 28 красавіка блакавалі праезд лесапільнай тэхніцы. На месца канфлікту прыязджаў Валерый Хахлоў, які пераконваў жыхароў адмовіцца ад сваіх планаў. Сітуацыя абмяркоўвалася ў групе ВКонтакте, у тым ліку Аленай Максімавай.

Праваабаронцы, якія маюць доступ да матэрыялаў справы, заўважылі шэраг парушэнняў пры іх падрыхтоўцы. У прыватнасці, не даследаваўся тэлефон, з якога жанчына нібыта зрабіла запіс ВКонтакте; не праводзілася лінгвістычная экспертыза спрэчнага выказвання; у пратаколе не ўказана, якімі канкрэтна словамі ці фразамі зняважаны заяўнік.  

2 чэрвеня ў судзе Алена Максімава заявіла, што ёй патрэбен абаронца. Суд даў ёй час на пошук да панядзелка, 6 чэрвеня.