184

Зміцер Лупач пачаў адбываць пакаранне арыштам, якое прызначыў яму Глыбоцкі раённы суд

16.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

З вечара 15 траўня журналіст-фрылансер Зміцер Лупач пачаў адбываць пакаранне арыштам, якое прызначыў яму Глыбоцкі раённы суд. 10 сутак журналіст правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання пры Глыбоцкім РАУС. На волю мусіць выйсці ў пятніцу — 22 мая, бо суддзя залічыў тыя суткі, якія ён правёў у ізалятары з моманту затрымання 8 мая да суда.

Суддзя Дзмітрый Тарасевіч 11 мая пакараў Змітра Лупача арыштам за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, абвінаваціўшы ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыествах. Пасля суда журналісту стала дрэнна, і яго адвезлі ў лякарню, дактары выявілі хваробу сэрца. Па гэтай прычыне Змітру далі адтэрміноўку, міліцыянты нават узялі распіску, што ён сам прыдзе ў пастарунак у панядзелак 18 мая. Але 15 мая зранку Лупачу патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што неабходна явіцца для адбыцця пакарання ў пятніцу, так загадала міліцэйскае кіраўніцтва.

Зміцер Лупач паспеў падаць касацыйную скаргу на рашэнне Глыбоцкага райсуда ў Віцебскі абласны суд і наведаць цырульню. Але, кажа, прывесці ў парадак сацыяльныя сеткі не паспеў — спадзяваўся зрабіць гэта на выходных, ды ў гэтыя дні ўжо будзе ў ізалятары.

Паводле слоў журналіста, за час пераследу шмат людзей яму напісалі словы падтрымкі, і ён шчыра ўдзячны ўсім за салідарнасць і падтрымку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!