1062

"Злоўжываючы правамі і парушаючы абавязкі журналіста". У Віцебску будуць судзіць Змітра Казакевіча

15.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Незалежнага журналіста Змітра Казакевіча выклікалі ў аддзел міліцыі Першамайскага раёна Віцебска і склалі адразу два пратаколы “за незаконны выраб і (або) распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі” паводле абноўленага адміністрацыйнага заканадаўства.

У абодвух пратаколах напісана, што Зміцер Казакевіч, “злоўжываючы правамі і парушаючы абавязкі журналіста, назаконна вырабіў” два матэрыялы, паказаныя на тэлеканале “Белсат”. Складальнік пратакола маёр міліцыі Уладзімір Казлоўскі падкрэслівае, што Казакевіч “фактычна выконваў функцыі замежнага журналіста без акрэдытацыі ў МЗС”.

Папярэдняя дата суда — 17 сакавіка.

Як патлумачыў Зміцер Казакевіч, міліцыянты скарысталі ў якасці доказаў ягонай вінаватасці пэўную асабістую інфармацыю, якая пацвярджае яго супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. Інфармацыя захоўвалася ў камп’ютары, што быў адабраны ў журналіста яшчэ ў кастрычніку мінулага года.

Зміцер Казакевіч ведаў, што звесткі пра ягоную супрацу з “Белсатам”  былі перададзеныя ў РАУС Першамайскага раёна яшчэ ў лютым, калі пакуль дзейнічаў “стары” Кодэкс аб абміністрацыйных правапарушэннях — і яго судзілі б паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП, якая прадугледжвала ў якасці пакарання штраф памерам ад 20 да 50 базавых велічынь.  Цяпер, паводле ч. 3 арт. 23.5 абноўленага КаАП, журналісту пагражае штраф памерам ад 20 да 30 базавых велічынь (з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння альбо без канфіскацыі).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!