1594

Зісер пасьля допыту: Расьсьледаваньне «справы БелТА» можа заняць месяцы і гады

08.08.2018 Крыніца: svaboda.org

Амаль тры гадзіны дапытвалі 8 жніўня заснавальніка парталу Tut.by Юрыя Зісера па «справе БелТА». Ён даў падпіску аб неразгалошваньні.

«Усё нармальна, пачуваюся добра», — пракамэнтаваў акалічнасьці допыту Зісер.

Думка заснавальніка Tut.by наконт «справы БелТА» не зьмянілася. 7 жніўня Юры Зісер напісаў у сваім фэйсбуку пра відавочную палітычную падаплёку затрыманьняў журналістаў і ператрусу ў офісе Tut.by.

«Я па-ранейшаму лічу, што маштаб падачы гэтай падзеі перад грамадзкасьцю дзяржава раздула да касьмічных маштабаў, гэта не адпавядае маштабам учыненага», — сказаў Зісер.

Юры Зісер ня ведае, колькі можа заняць расьсьледаваньне і суд, але адзначыў што справа можа зацягнуцца.

«Гэта не да мяне пытаньне, але я думаю, калі гэта ўжо такое расьсьледаваньне, то гэта месяцы, а можа і гады» – сказаў Зісер.

З затрыманымі журналісткамі парталу Зісер у Сьледчым камітэце не сустракаўся, новай інфармацыі пра іх няма.

7 жніўня затрымалі 8 супрацоўнікаў Tut.by. Чатырох — Ульляну Бабаед, Людмілу Чэкіну, Яўгенію Беразюк, Дзьмітрыя Бобрыка — пасьля допыту ўвечары ў аўторак адпусьцілі. Яшчэ 4 журналісты застаюцца затрыманымі: Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Ўласік.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!