453

Жыхары Чавусаў зноў скардзяцца на “добраахвотна-прымусовую” падпіску на мясцовую раёнку

20.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Жыхар горада Чавусы размясціў у сацыяльных сетках запіс, у якім выказаў свае абурэнне практыкай прымусовай падпіскі на раённую газету “Іскра”.

“У Чавусах і Чавускім раёне на працоўных месцах зноў сталі настойліва прасіць аформіць падпіску на раённую газету "Іскра". І не забыцца даць справаздачу, падаўшы працадаўцу квітанцыю, у доказ выканання. Гэта патрабаванне прадыктавана, вядома, не клопатам аб нашай адукацыі і інфармаванасці. Усё значна прасцей: гэтую «прэсу», якую добраахвотна наўрад ці хто б стаў выпісваць, трэба неяк ўтрымліваць. Самы просты спосаб — з нашых кішэняў”.

Аўтар пабліка піша, што апошнім часам кошт месячнай падпіскі на дзяржаўную раённую газету “Іскра” вырас з 5,90 рублёў да 6.50 рублёў, пры гэтым працаўнікі розных арганізацый скардзяцца на тое, што падпіску патрабуюць рабіць мінімум на 3 месяцы.

“Штучнае накручванне падпісак і, як следства, павелічэнне тыражу газеты. Работнікаў многіх дзяржаўных устаноў, пад пагрозай звальнення ці пазбаўлення прэмій прымушаюць выпісваць шэраг перыядычных выданняў, у тым ліку і "Іскру". Гэта падрывае прэстыж газеты і прыніжае тых, хто вымушаны супраць сваёй волі яе выпісваць”, — выказвае свае меркаванне аўтар допісу. Таксама ён дае шэраг парад, як адмовіцца ад прымусовай падпіскі.

Падчас веснавой падпісной кампаніі жыхары Чавус ужо выказвалі свае абурэнне існуючай у раёне практыкай “добраахвотна-прымусовай” падпіскі на дзяржаўныя перыядычныя выданні.

“Падпіска ажыццяўляецца строга добраахвотна і пад подпіс. Хто не падпісаўся — мінус прэмія. Адмовіцца немагчыма”, — напісаў тады ў каментарах адзін з жыхароў раёна.

У Чавусах працуюць толькі дзве прамысловыя арганізацыі — ААТ «Чавускі завод жалезабетонных вырабаў» і Чавускі УКП «Жылкамгас», таксама дзейнічаюць два невялікія вытворчыя ўчасткі Чавускага райспажыўтаварыства і ААТ “Бабуліна крынка”. Шмат месцічаў працуе ў разнастайных бюджэтных арганізацыях, дзе адмовіцца ад “добраахвотна-прымусовай” падпіскі на дзяржаўныя газеты вельмі цяжка, бо людзі баяцца згубіць працу.