НЕ - ВАЙНЕ!
452

Жыхароў Жодзіна прымушаюць падпісацца на дзяржаўную газету

24.12.2021 Крыніца: "Новы Час"

Паведамленні аб прымусовай падпісцы разаслалі класным кіраўнікам.

"У абавязковым парадку трэба да 24.12.2021 выпісаць кожнаму класу на першы квартал 2022 года газету "Жодзінскія навіны", — такое паведамленне атрымалі класныя кіраўнікі ў Жодзіне. Кошт падпіскі — 16 рублёў.

Бацькі паказалі скрыншоты са школьных чатаў. Меркаванні розныя: ёсць тыя, якія склаліся па рублю і аформілі падпіску, іншыя адказалі, што катэгарычна супраць.

Гарадская грамадска-палітычная газета "Жодзінскія навіны" заснавана ў 1991 годзе. Заснавальнік: Жодзінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

«Сёння "Жодзінскія навіны" — гэта 24-палоснік па серадах (поўнакаляровы друк). Агульны тыраж — 9 000 экз. ("ЖН", "ЖЭР"). Выданне распаўсюджваецца па падпісцы і ў розніцу.

Створана ўласная служба дастаўкі газеты падпісчыкам (дыспетчар і 10 кур'ераў). Таксама арганізавана спецыяльная акцыя "Мы ідзем да вас" — можна выклікаць кур'ера на дом і аформіць падпіску", — гаворыцца на сайце.

У Беларусі працягваецца зачыстка недзяржаўных СМІ. Улады абмежавалі доступ да больш як 100 грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыяў. Большасць нацыянальных і рэгіянальных газет былі вымушаныя спыніць выпуск у друкаванай форме (у тым ліку, "Новы Час"), але працягваюць існаваць анлайн. Больш за 500 разоў пасля выбараў сілавікі затрымоўвалі журналістаў, больш за 130 калегаў былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту. 68 калегаў зазналі гвалт або былі параненыя. Больш за 60 прадстаўнікоў медыяў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, з іх 32 чалавекі — пад вартай або ў месцах пазбаўлення волі. У офісах большасці незалежных нацыянальных і рэгіянальных медыяарганізацыяў і кватэрах іх супрацоўнікаў адбылося каля 140 ператрусаў і аглядаў, якія суправаджаліся выманнем тэхнікі, дакументаў і грошай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!