343

Жыхара Віцебска аштрафавалі за рэпост у сацыяльных сетках

26.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Жыхар Віцебска Аляксей Прохараў атрымаў штраф памерам 126 рублёў (5 базавых велічынь) за  рэпост аб’явы пра акцыі ў Мінску 7 і 8 снежня супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Суд Віцебскага раёна прызнаў яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

30-гадовы Аляксей Прохараў працуе ў сферы IT, мае старонкі ў сацыяльных сетках Facebook і “ВКонтакте”, дзе і размясціў аб’явы пра антыінтэграцыйныя акцыі. Сваю віну ў судзе ён не прызнаў:

— Я згодны, што парушыў адміністрацыйны артыкул у той фармулёўцы, што там выкладзена. Але, на маю думку, ён супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бо яна гарантуе грамадзянам права на мірныя сходы. Менавіта такімі і былі акцыі ў Мінску. Таму я не лічу сябе вінаватым у тым, што апавясціў сваіх сяброў і знаёмых праз сацыяльныя сеткі.

Хлопец збіраецца абскардзіць судовую пастанову з дапамогай віцебскіх праваабаронцаў.

Справа Аляксея Прохарава стала першай у рэгіёне, калі чалавека залічылі ў парушальнікі заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў толькі за тое, што ён перадрукаваў абвестку ў сацыяльных сетках. Суддзя Міхаіл Зубеня кваліфікаваў яе як заклік прыйсці на несанкцыянаваную акцыю. Дагэтуль жыхароў Віцебшчыны штрафавалі альбо каралі іншым чынам толькі за непасрэдны ўдзел у масавых мерапрыемствах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!