367

Жыхара Касьцюковіч судзяць за распальваньне нацыянальнай варажнечы ў роліках «Россия для русских»

27.02.2019 Крыніца: Радыё Свабода Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

У Магілёве судзяць 29-гадовага жыхара райцэнтру Касьцюковічы Рамана Г. за распальваньне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы.

Разьмешчаныя ім у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі. Акрамя таго, яму інкрымінуецца і распаўсюджваньне ў інтэрнэце матэрыялаў парнаграфічнага зьместу.

Сьледзтва: «Меў на мэце ўзбудзіць варажнечу ў насельніцтва»

Крымінальную справу пачаў разглядаць Магілёўскі абласны суд 26 лютага. Абвінавачаны пад вартай ад 21 сьнежня 2018 году. У судовай залі яго трымаюць у клетцы. У матэрыялах справы гаворыцца, што ён у 2014 годзе разьмясьціў на сваёй старонцы «Ўкантакце» без абмежаваньня доступу відэаролікі пра «канфлікт расейцаў з асобамі каўкаскай нацыянальнасьці»:

  • «Кавказцы решили сплясать лезгинку на митинге по убийству русского кавказцами»;

  • «Почему я националист»;

  • «Россия для русских»

Сьледзтва выявіла, што гэтыя відэафайлы ўтрымліваюць «сцэны прапаганды, а таксама заклікі да гвалтоўных дзеяньняў да груп асобаў паводле прыкмет расавай і нацыянальнай прыналежнасьці». Як сьцьвярджаецца, абвінавачаны ведаў, што відэа мае экстрэмісцкі характар, і меў на мэце «ўзбудзіць у насельніцтва расавую і нацыянальную варажнечу» да пэўных груп, у тым ліку да антыфашыстаў.

Па заяве 11-га ўпраўленьня Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю 17 сьнежня 2018 году Касьцюковіцкі раённы суд прызнаў відэаролікі, якія фігуруюць у справе, экстрэмісцкімі матэрыяламі.

 

Што вядома пра абвінавачанага

  • Скончыў у Касьцюковічах 11 клясаў. Будаўнічую спэцыяльнасьць атрымаў у мясцовым вучэбна-вытворчым камбінаце;

  • Служыў пад Асіповічамі ў ракетных войсках і артылерыі;

  • Жанаты. Мае 2-гадовую дачку і дапамагае гадаваць падчарку;

  • Мае тры судзімасьці за крадзяжы. Апошняе пакараньне «хіміяй» не пагашанае;

  • Амаль два гады быў на заработках у Маскве.

  • У Маскве хадзіў на «Рускія маршы»

Сваю віну падсудны прызнаў цалкам. Кажа: ня ведаў, што за рэпост відэаролікаў прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Настойваў у судзе, што ня меў мэты выклікаць варожасьць да пэўных нацыянальных груп у іншых людзей. Падчас сьледзтва ж казаў адваротнае.

У сваіх паказаньнях расказаў гісторыю, як у Маскве, дзе рабіў кантралёрам у службе бясьпекі аднаго з супэрмаркетаў, яго «жорстка зьбілі каўказцы» — за тое, што выкрыў крадзеж імі «дарагога каньяку».

«Пасьля гэтага я стаў нэгатыўна ставіцца да асобаў каўкаскай нацыянальнасьці», — прызнаўся ён сьледчым. У сваім аповедзе адзначыў: калі яго білі, ніхто яму не прыйшоў на дапамогу. У паліцыю заяўляць на крыўдзіцеляў ня стаў. Па звальненьні лячыўся на радзіме.

У Маскве ён пазнаёміўся зь дзяўчынай, зь якою ўвесну 2012 году хадзіў на «Русские марши». Яна рабіла пра іх відэафільмы.

Тады чытаў у інтэрнэце «літаратуру пра рухі, якія выступалі супраць розных рас, што жывуць у Расеі», а таксама захапіўся пэрсанажам расейскага гістарычнага міту Яўпаціем Калаўратам, які, паводле абвінавачанага, «заваяваў шмат тэрыторыяў і змагаўся супраць розных рас». На знак пашаны да яго ў 2014 годзе ён зрабіў татуіроўкі.

 

Абвінавачваньне: падсудны заслугоўвае пазбаўленьня волі

Абвінавачаньне просіць суд пакараць падсуднага 2 гадамі і 7 месяцамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Суд абвясьціў перапынак да 1 сакавіка.