721

Жыхара Гомеля аштрафавалі за перапост інфармацыі пра страйк і міліцыю

25.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 22 сакавіка прызнаў мясцовага жыхара Ігара Чуба вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. За рэспост у Facebook гамяльчук аштрафаваны на 10 базавых велічыняў (255 рублёў) паводле артыкула 17.11 КаАП.

Ч. 2 арт. 17.11 КаАП РБ: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

У пастанове на штраф суддзя Яраслаў Парэмскі адзначае, што ў кастрычніку 2017 года Чуб перапосціў інфармацыю “У Гомельскай вобласці страйкуюць механізатары і кіроўцы”. У 2018 годзе размясціў на сваёй старонцы матэрыял “Спецназавец з Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку” са спасылкай на анархісцкі сайт “Прамень”, які ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. (Між тым, сайт “Прамень”, у сваю чаргу, перадрукаваў гэты артыкул з сайта слуцкай рэгіянальнай газеты “Інфа-Кур’ер”.) У снежні Ігар падзяліўся таксама ў сацсетцы публікацыяй пра жахлівую гісторыю, якая набыла розгалас не толькі ў незалежных, але і дзяржаўных СМІ: “У Нясвіжы міліцыянты звезлі мужчыну на дзве гадзіны і прывезлі мёртвым”.

У судзе Ігар Чуб тлумачыў, што працуе таксістам і не ведае, якія арганізацыі, сайты, матэрыялы  ўключаныя дзяржавай у спіс экстрэмісцкіх.

“Усё павінна быць па правілах, як у кіроўцаў. Гарыць чырвоны светлафор — стаю, зялёны — еду. Пакуль я бачу, што мяне спрабуюць пакараць за праезд на зялёнае святло”, — перакананы Чуб.

23 сакавіка Ігар Чуб абскардзіў судовую пастанову на штраф у Гомельскі абласны суд.

Рэгіянальны праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, які адсочвае падобныя адміністрацыйныя справы, лічыць, што дзяржаўныя органы надзвычай шырока трактуюць само паняцце “экстрэмізм”.

“Бяруць любую сацыяльную сетку, любую групу, якая крытыкуе дзейную ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд той ці іншай інфармацыі, то зрабіце так, каб яна не была ў адкрытым доступе. Пакуль я бачу, што абвінавачванні прыцягваюць за вушы”, — кажа праваабаронца.

Нагадаем, 7 сакавіка Цэнтральны райаддзел міліцыі Гомеля распачаў адміністрацыйную справу у дачыненні карыстальніка сацсетак Пятра Маркоўскага, якога таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі. 19 сакавіка ў Рагачове паводле артыкула 17.11 КаАП судзілі мясцовага жыхара Сяргея Аляксейкава, справу вярнулі ў міліцыю на дапрацоўку.

Выглядае, што на тле распрацоўкі Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі вядзецца зачыстка інтэрнэту і наладжваецца татальны кантроль за распаўсюдам інфармацыі, у якой утрымліваецца  крытыка дзяржаўных органаў. Цалкам верагодна, што гэта звязана з маючымі адбыцца выбарчымі кампаніямі — парламенцкай і прэзідэнцкай, — адзначаюць гомельскія праваабаронцы.