133 0

Жыхар Гродна збірае подпісы, каб пасяджэнні гарвыканкама трансляваліся ў адкрытым доступе

16.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі актывіст Анатоль Мышкевіч стварыў петыцыю і збірае подпісы за тое, каб пасяджэнні Гродзенскага гарвыканкама трансляваліся на афіцыйнай сайце ў адкрытым доступе.

Петыцыя была створана 15 траўня пасля таго, як гарадзенец звярнуўся ў гарадскі Савет народных дэпутатаў з прапановай весці анлайн-трансляцыі пасяджэнняў. Гарадскія ўлады накіравалі актывісту пісьмовы адказ, у якім паведамілі, што лічаць прапанову немэтазгоднай.

— Нам распавядаюць пра бясплатную медыцыну і бясплатную адукацыю. Але ў людзей пастаянныя “паборы” ў дзіцячых садках і школах. Мы хочам бачыць працу гарадзенскіх чыноўнікаў, — кажа Мышкевіч.

На думку сябра прафсаюза РЭП Анатоля Мышкевіча, калі будуць ісці пастаянныя трансляцыі чыноўнік двойчы падумае над сваімі словамі, бо людзі будуць ведаць, што не так робіць той ці іншы чыноўнік.

Гродзенскі актывіст лічыць, гэтыя трансляцыі таксама змогуць прадухіліць карупцыю ў горадзе.

“Чыноўнік, прымаючы нейкае рашэнне, будзе думаць пра горад Гродна, а не пра свае зацікаўленасці ці свайго нейкага знаёмага, з кім ён дамовіўся прыняць тое, ці іншае рашэнне”.

Анатоль Мышкевіч перакананы, што гродзенскія ўлады парушаюць артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які  гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне і захоўванне інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, і будзе дабівацца трансляцыі ўсімі законнымі шляхамі.

Каментары