457

Жыхар Брэста напісаў твіт, які зараз правяраюць паводле артыкула аб знявазе прэзідэнта

27.07.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Брэсцкі прадпрымальнік Дзмітрый Царук распавёў, што 11 чэрвеня ён змясціў у сацыяльнай сетцы Twitter паведамленне, у якім узгадаў былога румынскага кіраўніка Нікалаэ Чаушэску. Больш чым праз месяц, 17 ліпеня, яму патэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што хочуць зайсці пагутарыць.

“Я адказаў што з'ехаў з Брэста, таму сустрэчу перанеслі на сярэдзіну тыдня. Міліцыянты адразу сказалі, што размова будзе на тэму знявагі прэзідэнта ў Twitter, — кажа Дзмітрый Царук. — Я ўдакладніў, пра які твіт ідзе гаворка, і мне яго нават зачыталі. Гэта вельмі здзівіла, бо з таго паведамлення не вынікае, што гаворка вядзецца пра нейкага канкрэтнага чалавека”.

На ўсялякі выпадак Дзмітрый Царук вырашыў звязацца з праваабаронцам і папярэдне пагутарыць з адвакатам. У прызначаны для візіту дзень Царук  патэлефанаваў у РАУС, каб удакладніць час сустрэчы, яму прапанавалі падысці “літаральна на 10 хвілін” у апорны пункт міліцыі.

Паводле Дзмітрыя Царука, там гутарка наконт допісу ў сацыяльнай сетцы адбылася не з участковым інспектарам, а з чалавекам у цывільным, які перад заканчэннем апытання некаму тэлефанаваў і нешта абмяркоўваў.

“Дэталяў размовы перадаваць не буду, але склалася ўражанне, што гэты службовец сам не вельмі разумеў, што тут такога і навошта гэта ўсё. Уласна чалавек у прынцыпе не ведаў, што такое Twitter: ён думаў, што гэта — нейкая група ў сацыяльных сетках”, — распавёў Дзмітрый Царук.

Высветлілася, што пасля кароткай гутаркі і пратакола апытання праверка можа цягнуцца каля месяца, а з матэрыяламі самога прадпрымальніка азнаёмяць толькі пасля яе заканчэння — калі ў прынцыпе справа аб знявазе прэзідэнта не будзе распачатая.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!