241

Жыхар Брэста атрымаў паўтара года “хатняй хіміі” за абразу Мікалая Карпянкова

08.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

У судзе Маскоўскага раёна горада Брэста 6 мая абвешчаны прысуд мясцоваму жыхару Сяргею Зубовічу, які прызнаны вінаватым па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса РБ (“абраза прадстаўніка ўлады”).

Паводле паведамлення прэс-службы Брэсцкага абласнога суда, абвінавачаны (1982 года нараджэння), “маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады, 23 верасня 2020 года ў адным з Telegram-каналаў наўмысна публічна размясціў паведамленні, выяўленыя ў непрыстойнай форме, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку пацярпелага, які на дзень здзяйснення злачынства з'яўляўся прадстаўніком улады — начальнікам ГУБАЗіК”.

У сваю чаргу, паводле звестак праваабаронцаў, у справе прысутнічалі вынікі экспертызы, згодна з якой у згаданым паведамленні Сяргея Зубовіча дадзена “негатыўная ацэнка Карпянкова Мікалая Мікалаевіча”. На той момант Мікалай Карпянкоў узначальваў ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй) МУС Рэспублікі Беларусь. Цяпер ён займае пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.

Таксама высветлілася, што за свае маральныя пакуты Мікалай Карпянкоў выставіў пазоў на 1000 рублёў, аднак пасля пазоў быў адкліканы, паколькі падчас судовага працэсу Сяргей Зубовіч добраахвотна заплаціў патрабаваную суму.

У судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну і прасіў суд прыняць да ўвагі змякчальныя акалічнасці: наяўнасць на ўтрыманні дзяцей і пакрыццё маральнай шкоды.

У выніку суддзя Вера Філонік прызначыла жыхару Брэста Сяргею Зубовічу пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор).

Акрамя “хатняй хіміі, суд пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы смартфон Samsung як “сродак здзяйснення злачынства”.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!