2121

Журналісты “вадзілі Русалачку да бору”

09.06.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "БАЖ", фота "Еўрарадыё"

Гомельская філія ГА “БАЖ” зладзіла прэс-тур у вёску Вялікі Бор Хойніцкага раёна, дзе 7 чэрвеня праходзіла традыцыйнае народнае свята “Русалле”, альбо, як яшчэ яго называюць, “Провады Русалкі”.

Разам з гомельскімі журналістамі на “Русалле” паехалі  калегі з Магілёўскай і Мінскай абласцей.

“Я такога цуда нідзе і ніколі не бачыла”, – дзеліцца ўражаннямі сябра ГА “БАЖ” з Салігорску Варвара Чаркоўская.

У Вялікім Бары здаўна баяліся і ўшаноўвалі Русалку – міфічную істоту з тварам прыгажуні, доўгімі валасамі і рыбіным хвастом. Верылі, што адразу пасля Сёмухі яна выходзіць з вадаёму альбо бору на волю. Каб не гнявіць Русалку, гаспадыням цэлы тыдзень забаранялася працаваць у полі, на гародзе. Заўважыць Русалка на зямлі свежыя сляды – градабой нашле, жыта пазакручвае, грады спляжыць, а дзецям-неслухам – смаляную цыцку дасць.

Улагожваюць вялікаборцы гэтую міфічную істоту тым, што ў нядзелю апранаюць вышыванкі, плятуць вянкі з зёлак, упрыгожваюць зялёным уборам дзяўчыну-Русалку і з песнямі вядуць за вёску да жытнёвага поля.

Там ужо гарыць вогнішча. Вакол яго водзяць карагоды, асвячаюць на агні вялікі супольны вянок і тыя меншыя, што на галаве амаль у кожнага ўдзельніка абраду.

Супольны вянок, асвечаны на агні, малыя і дарослыя з імпэтам рвуць на часткі – кожны імкнецца займець хоць шматок цудадзейных зёлак, каб дома пакласці іх на гародзе для добрага ўраджаю.

Пасля гэтага надыходзіць час адпускаць Русалку ў жыта. За ёю пускаюцца ў пагоню ўсе, хто мае ахвоту і хуткія ногі. Спрытнейшыя на бягу зрываюць зялёнае русалчына ўбранне і такім чынам найбольш здабываюць магічнай зеляніны для гароду і поля.

Вялікаборскае “Русалле” прызнана Мінкультам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Пра абрад і яго захавальнікаў удзельнікі прэс-туру раскажуць у сваіх выданнях – дзеля  папулярызацыі ўнікальнай культурніцкай традыцыі, адроджанай высілкамі саміх жыхароў Вялікага Бору.