260

Журналісты Свабоды атрымалі найвышэйшую ўзнагароду Амэрыканскіх глябальных мэдыя

09.12.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Кузьнечык, Ігар Лосік абвешчаныя ляўрэатамі ўзнагароды «За выдатную журналістыку» імя Дэйвіда Бэрка, якая штогод уручаецца журналістам пяці мэдыйных арганізацыяў, якія ўваходзяць у склад Агенцыі глябальных мэдыя ЗША.

9 сьнежня ў Вашынгтоне ўзнагароды ўручала кіраўніца Агенцыі глябальных мэдыя ЗША Аманда Бэнэт, якая адзначыла асабістую мужнасьць журналістаў беларускай службы Радыё Свабода і надзвычайную цану, якую яны плацяць за права выконваць свае прафэсійныя абавязкі.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай гаварыў пра перасьлед журналістаў і аўдыторыі Свабоды, пра страх рэжыму перад свабоднай прэсай. Кадры зь менскіх вуліц і масавых пратэстаў, якія паказвалі жорсткія дзеяньні АМАПу і адвагу пратэстоўцаў і дэманстраваліся падчас прамовы Флая, былі плёнам працы журналістаў, што асьвятлялі пратэсты.

Двое з трох ляўрэатаў за кратамі. З словам у адказ выступіў Алег Грузьдзіловіч:

«63 гады я пражыў у Беларусі, а цяпер мушу жыць у Літве. Пасьля 9 месяцаў турмы міліцыянты вывезьлі мяне на мяжу з Літвой і забаранілі вяртацца на Радзіму. У Беларусі я ўнесены ў сьпіс экстрэмістаў, як і мае калегі Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык, якія застаюцца за кратамі. 30-гадовы Ігар Лосік атрымаў найбольшы з нас тэрмін — 15 гадоў зьняволеньня. Андрэя Кузьнечыка пакаралі 6 гадамі зьняволеньня.

Беларускім журналістам помсьцяць за працу ня толькі вялікімі тэрмінамі. Б’юць і па іхных сем’ях. Нядаўна арыштавалі жонку Ігара Лосіка Дар’ю Лосік, якая засталася ў Беларусі і патрабавала вызваленьня мужа. Ёй пагражае 4 гады турмы. Бяз таты і бяз маці застанецца 4-гадовая дачка Лосікаў Паўліна. Двое малых дзяцей Андрэя Кузьнечыка чакаюць яго ў Менску. Андрэй з турмы дасылае ім вершы, але ня ўсе лісты прапускаюць на волю.

Рэкордную падтрымку аказваюць нам людзі ў Беларусі і за мяжой. Нават міліцыянты гэта прызнаюць.У калёніі я сядзеў у штрафным ізалятары і чуў празь дзьверы, як ахоўнікі паміж сабой размаўлялі пра мяне. Адзін сказаў, што «гэта той, пра каго шмат пішуць у інтэрнэце». Другі адказаў: «Малайцы, падтрымліваюць».

Начальнік калёніі ў Магілёве гэтак крычаў на мяне пры першай сустрэчы: «Дык ты журналіст „Свабоды“? Адкажаш мне за ўсё». Дапамагала тое, што іншыя вязьні спрабуюць палітычных падтрымаць, ставяцца да іх з павагай. Зараз кожны дзясяты вязень у беларускіх турмах — палітычны. І ўжо мала хто верыць, што яны «экстрэмісты» ці «тэрарысты».

Таксама вытрымаць дапамагла пазыцыя нашага Радыё. Да мяне ў вязьніцу нават дайшоў ліст кіраўніка Радыё Свабода Джэймі Флая. Гэты ліст чыталі па-ангельску ўсёй камэрай! Такая падтрымка там крайне неабходная. І я асабіста вельмі ўсьцешаны, што USAGM [Агенцтва глябальных мэдыя ЗША] настойліва патрабавала нашага вызваленьня, і ў выніку я аказаўся на волі».

  • Ігар Лосік арыштаваны 25 чэрвеня 2020 году і асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. У кастрычніку 2022 году арыштаваная ягоная жонка Дар’я, якую абвінавачваюць у «спрыяньні экстрэмізму» за інтэрвію тэлеканалу Белсат. У Ігара і Дар’і 4-гадовая дачка Паўліна.

  • Андрэй Кузьнечык арыштаваны ў лістападзе 2021 і і асуджаны на 6 гадоў калёніі строгага рэжыму.

  • Алег Грузьдзіловіч арыштаваны ў сьнежні 2021 і асуджаны на 2,5 года зьняволеньня. Вызвалены ў верасьні 2022.

Ігар, Андрэй і Алег — сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Беларуская служба Радыё Свабода атрымала ўзнагароду Дэйвіда Бэрка за працу на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Грашовую частку ўзнагароды журналісты перадалі тады сем’ям палітзьняволеных у Беларусі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!