505

Журналісты паранаялы і актывісты эматывы. У Маладзечне прайшоў трэнінг па медыяцыі

24.01.2019 Крыніца: Аляксандра Парахня для Baj.by

Перамовы, канфліктныя сітуацыі і непаразуменні — тое, з чым сутыкаюцца ў сваёй працы і журналісты, і актывісты. Менавіта іх аб’яднаў трэнінг па медыяцыі, які правяла медыятарка Вольга Мурашка ў Маладзечне.

Мерапрыемства ладзіла маладзечанская філія ГА “БАЖ”.

Акрамя маладзечанцаў да трэнінга далучыліся ўдзельнікі з Вілейкі, Мінска і Магілёва.

Як навучыцца бачыць не толькі пазіцыю чалавека, але і яго інтарэсы? Як вызначыць, да якога псіхатыпу адносіцца суразмоўца? Якія пытанні задаць канфліктуючым бакам, каб яны змаглі дамовіцца?

Адказы на гэтыя пытанні ўдзельнікі шукалі разам з трэнеркай, прымяраючы на сябе розныя ролі: ад Віні-Пуха да рэдактаркі, якая баіцца, як бы яе не “падсядзелі” маладыя журналісты.

Многія ўдзельнікі прызнаваліся, што ўпершыню пачулі пра медыяцыю. І адзінагалосна прызналі — гэта важная і карысная рэч.

Калі ў Беларусі медыяцыя толькі набірае абароты, то ў ЗША  яна даўно выкарыстоўваецца напоўніцу. Нават канфлікты на аўтамабільнай паркоўцы там вырашаюць пры дапамозе медыятараў.

У Беларусі ж сертыфікаваных спецыялістаў цяпер каля 500. Іх паслугі пакуль не карыстаюцца папулярнасцю, хаця сфера іх прымянення надзвычай шырокая: ад сямейнай да судовай медыяцыі.

— Мне вельмі спадабаўся разбор псіхатыпаў, — падзялілася ўражаннямі Марыя Калеснікава. Дзяўчына курыруе праекты для дзецей з інваліднасцю ў Маладзечне. — Гэта спатрэбіцца не толькі ў працы, але і ў звычайным, паўсядзённым жыцці. Здорава, што паміж тэарэтычнымі блокамі было шмат практычных сітуацый, мы змаглі праіграць атрыманыя веды.

Вядома, ахапіць настолькі шырокую тэму ў шасцігадзінным трэнінгу — задача невыканальная. Аднак Вольга Мурашка арганізавала праграму такім чынам, каб не толькі паказаць асновы і сэнс медыяцыі, але і зачапіць удзельнікаў, каб ім захацелася “капаць глыбей”.

Падчас падсумавання амаль усе казалі, што цяпер ім ёсць пра што падумаць і што пачытаць. А некаторыя нават пабачылі сябе ў ролі будучых медыятараў.

Фота: Зоя Хруцкая і Аляксандра Парахня