304

Журналісты: Наша задача — захаваць сляды страчанай з-за Чарнобыля цывілізацыі

29.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскія журналісты, сябры ГА “БАЖ”, Мікола Бянько і Юлія Сівец у 33-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, завіталі ў Бабруйск і распавялі пра свае вандроўкі па зоне адчужэння і адкрыцці, якія яны там зрабілі.

Мы штодня сутыкаемся з памяццю пра Чарнобыль

Сустрэча з гомельцамі адбылася ў межах моўных курсаў “Мова нанова”.

Мікола і Юлія паказалі фотаздымкі са сваіх шматлікіх паездак па вёсках, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, падказалі гасцям, дзе шукаць спасылкі на іхнія рэпартажы на гэтую тэму. Як распавёў Мікола, каля васьмі месяцаў свайго жыцця яны з жонкай прысвяцілі экспедыцыям па адселеных і пацярпелых ад аварыі вёсках. Журналісты размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, запісвалі іх гісторыі, здымалі прыроду і гісторыка-культурныя помнікі ў тых мясцінах, дзе жыць зараз небяспечна.

Цікавасць да тэмы Чарнобыля ў Міколы і Юліі не проста журналісцкая, але і асабістая — яны самі жывуць у самым пацярпелым ад радыяцыі рэгіёне Беларусі.

“Мы штодня сутыкаемся з нагадкамі пра Чарнобыль, — распавядае Мікола. — Напрыклад, калі едзеш у бок Рэчыцы, адразу як перасякаеш мяжу Гомеля, бачыш знак “Асцярожна, радыяцыя”. І гэтыя знакі радыяцыйнай небяспекі паўсюль. Іншая справа, што людзі ўжо не звяртаюць увагі, у грамадстве пашыраны нігілістычны настрой. Людзі не вераць, забыліся, і нават не глядзяць, калі набываюць прадукцыю, адкуль яна і дзе вырабляецца. Мае дзеці нарадзіліся на Гомельшчыне, мы там жывём, таму я вымушаны, каб выжываць і быць здаровым, сачыць за радыяцыйнай абстаноўкай”.

Алкагалізацыя і дэбеларусізацыя — наступствы Чарнобылю

Пачаўшы вывучаць наступствы аварыі на ЧАЭС для Беларусі, журналісты адкрылі для сябе, што катастрофа паўплывала не толькі на здароўе людзей. Яна закранула і культурнае, і сацыяльнае жыццё, што адчуваецца дагэтуль.

“Калі спрабуеш зразумець мясцовыя праблемы, то бачыш, што іх корань часта ў Чарнобылі, — кажа Мікола. — Тая ж алкагалізацыя насельніцтва, страта каштоўнасцяў, і дэбеларусізацыя ў тым ліку, страта мовы. Усё гэта на Гомельшчыне звязана з Чарнобылем, бо парушаныя сувязі паміж людзьмі, згубленыя традыцыі. Напрыклад, мова Брагіншчыны — скарб, які мы згубілі. Трагедыя ў тым, што мы страцілі вялізны пласт культуры і дагэтуль гэта не асэнсавалі”.

Падчас журналісцкіх вандровак па зоне адчужэння Мікола Бянько і Юлія Сівец захапіліся прыгажосцю і самабытнасцю гэтай так моцна пацярпелай зямлі. Падчас сваёй прэзентацыі яны распавялі пра вёску Будзішча ў Чачэрскім раёне. Там журналісты знайшлі старажытную сакральную крыніцу — адвечнае месца малітвы мясцовых жыхароў. Але крыніца была ў вельмі занядбаным стане. У сужонкаў атрымалася дамагчыся ад уладаў, каб гэтае месца добраўпарадкавалі: пачысцілі і адрамантавалі драўляную агароджу і масткі.

“Захаваць максімальны аб’ём памяці”

У той жа час, нематэрыяльны складнік спадчыны ў зоне адчужэння паправіць не так проста.

“Я адкрыў для сябе, што насельніцтва зоны альбо вёсак на мяжы зоны адсялення  гэта вельмі патрыятычныя беларускія людзі, да таго ж мудрыя. У іх можна шмат чаму павучыцца, — распавёў Мікола Бянько. —  Калі ў вёску Будзішча прыязджала здымачная група з Японіі, яны былі ў захапленні і ад прыгажосці прыроды, і ад таго, наколькі людзі старога пакалення там высокамаральныя, як яны дбаюць пра прыроду, любяць Беларусь і сваю мову. Мяне гэта вельмі захапіла, я там адкрыў для сябе шмат скарбаў менавіта з пункту гледжання нашай нацыянальнай культуры. Мне падаецца, задача і дзяржавы, і журналістаў, і проста людзей — захаваць хоць бы сляды гэтай страчанай цывілізацыі. Занатоўваць успаміны сваіх бабуль-дзядуль, запісваць на відэа альбо на аўдыё выказванні людзей з асаблівасцямі іх гаворак у тых рэгіёнах. Пройдуць два-тры пакаленні, я перакананы, і нашчадкі, захочуць дазнацца, як жылі іх продкі. Задача нас усіх — захаваць максімальны аб’ём памяці”.

Падчас выступу перад бабруйчанамі Мікола Бянько не абыйшоў і тое, што сёлета дазволены Чарнобыльскі шлях не адбыўся, ён пракаментаваў меркаванні некаторых публічных асобаў, што Шлях страціў сваю актуальнасць.

“Раскажыце, што гэта неактуальна, тым, напрыклад, хто жыве ў Будзішчы, — зазначыў журналіст. — Чарнобыль — гэта агульнанацыянальная бяда, варта разумець яе глыбіню і наступствы. Таму тым, хто прэтэндуе быць палітычным лідарам, варта мець абачлівасць і нейкую палітычную адказнасць падчас выказванняў”.