893

Журналісты Глыбокага адзначылі Сусветны дзень свабоды прэсы

04.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

3 траўня глыбоцкія журналісты зладзілі сход і правялі акцыю ў падтрымку калегаў-журналістаў, якія зведалі пераслед з боку ўладаў за прафесійную дзейнасць.

На пачатку мерапрыемства журналісты павіншавалі адно аднаго са святам і за кубкамі кавы і гарбаты абмеркавалі надзённыя праблемы і справы. Потым узгадалі апошнія выпадкі ціску ўладаў на журналістаў у нашай краіне. Вырашылі падтрымаць калегаў і нагадаць усім людзям пра гарантаваную Канстытуцыяй свабоду слова.

Паводле каардынатаркі глыбоцкай суполкі Таццяны Смоткінай, журналісты ведаюць пра свае правы і абавязкі. А вось уладам, якія павінны быць гарантамі выканання галоўнага дакумента краіны – Канстытуцыі, нядрэнна было б узяць яго ў рукі і яшчэ раз перачытаць. Асаблівым чынам звярнуць увагу на артыкулы 33 і 34 вышэйзгаданага дакумента. Да таго ж, было б добра ўспомніць пра міжнародныя абавязацельствы і перастаць пераследаваць незалежных журналістаў, у прыватнасці журналістаў-фрылансераў.

Нядаўна ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” віцебскія журналісты запусцілі акцыю ў падтрымку журналіста і праваабаронцы Паўла Левінава. Віцебскі суд прысудзіў яму 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, зараз прысуд ён абскарджвае ў вышэйшых інстанцыях. У  яго падтрымку ў Віцебску збіралі подпісы, потым зладзілі акцыю ў сацыяльнай сетцы. Глыбоцкія калегі таксама вырашылі падтрымаць свайго сябра і калегу, які неаднойчы быў у Глыбокім. У цяперашні нялёгкі час усім патрэбная салідарнасць. Асаблівым чынам яна адчуваецца ў журналісцкай супольнасці.

Глыбоцкія журналісты сфатаграфаваліся з асноўнымі мэсэджамі да ўладаў і паказалі, што такіх, як Паша, у нас у Беларусі шмат.

Па словах глыбоцкага журналіста Змітра Лупача, які неаднаразова пераследваўся ўладамі за журналісцкую дзейнасць, трэба да апошняга быць адданым прафесіі і захоўваць вернасць прынцыпам прафесійнай і сумленнай журналістыкі, як бы цяжка не было.

– Хочацца выказаць салідарнасць з калегамі і данесці людзям, што журналістыка мусіць быць свабоднай. І не толькі журналістыка – кожны чалавек павінен свабодна выказваць свае думкі і не баяцца пераследу за гэта. Нам трэба адно аднаго падтрымліваць, таму што калі сёння ты не падтрымаеш, то заўтра не падтрымаюць цябе. Гэта дае большы стымул працаваць, калі ты ведаеш, што ты не адзін.

Сёлета беларускія незалежныя журналісты больш за 130 разоў траплялі пад пераслед з боку ўладаў. У рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод рыхтуе міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў", Беларусь знаходзіцца на 153 месцы са 180.

Напрыканцы  мерапрыемства глыбоцкія журналісты вырашылі сустракацца і падтрымліваць адно аднаго часцей. У бліжэйшы час яны запланавалі арганізаваць талаку і зрабіць добрую справу на карысць грамадства.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!