1541

Журналісты-фрылансеры сустрэліся ў Глыбокім

06.12.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Заканадаўства ў галіне СМІ

У межах кампаніі “За фрыланс!” на выходных журналісты-фрылансеры абмяркоўвалі прававыя ды іншыя аспекты сваёй працы.

Удзел у сустрэчы ўзялі беларускія журналісты, якія цягам апошніх гадоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці альбо адчулі на сабе ціск з боку ўладаў.

Юрысты ГА “БАЖ” падрабязна распавялі пра прававыя аспекты працы, практыку прымянення заканадаўства аб СМІ ў Беларусі і пра новаўвядзенні ў ім.

Журналістаў пракансультавалі пра парадак дзеянняў у выпадку затрыманняў, пагрозаў, адміністрацыйнага альбо крымінальнага пераследу.

Удзельнікі адзначылі пазітыўную тэндэнцыю другой паловы 2015 года, калі ніводзін журналіст у Беларусі не быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежнае выданне.

Разам з тым яны заўважылі, што ў беларускім заканадаўстве не адбылося ніякіх зменаў, якія маглі б засцерагчы ад падобнага пераследу ў будучым. Таму журналістам-фрылансерам неабходна добра ведаць заканадаўства і карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія яно прадастаўляе.