1632

Журналісты “Белсата” зноў пакараныя вялікімі штрафамі. Судзілі адразу чатырох!

31.10.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Фрылансераў-журналістаў Ганну Аземша, Вольгу Чайчыц, Аляксандра Баразенку і Андрэя Козела абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі на замежны СМІ. Журналістаў пакаралі вялікімі штрафамі. Такім чынам з пачатку года ў Беларусі штрафам за працу без акрэдытацыі каралі 50 (!) разоў.

Аляксандр Баразенка, Ганна Аземша, Андрэй Козел і Вольга Чайчыц

Кожнаму з іх пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Калі журналістаў прызнаюць вінаватымі, лік вынесеных у гэтым годзе штрафаў журналістам дасягне пяцідзесяці (!).

14.30 Усе чатыры справы супраць журналістаў суд аб'яднаў у адну, таму журналістаў судзяць разам.

На пачатку працэсу суддзя Вікторыя Шабуня аб'явіла перапынак, каб даць магчымасць фігурантам азнаёміцца са справай.

У суд прыйшоў і сведка — супрацоўнік міліцыі. Спачатку ён заняў месца ў малой зале, але суддзя папрасіла яго чакаць выкліку ў калідоры.

Пасля перапынку суддзя апытала журналістаў Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела. Абое падкрэслілі, што працуюць журналістамі, бо збіраць інфармацыю ім дазваляе Канстытуцыя Беларусі. Журналісты заявілі, што не вырабляюць прадукцыю СМІ, а збіраюць інфармацыю.

Пасля гэтага ў судзе выступіў намеснік начальніка аддзела прафілактыкі правапарушэнняў Цэнтральнага РУУС Дзмітрый Кротаў. Ён заявіў, што 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы Мінска бачыў, як журналісты асвятлялі акцыю апазіцыі, а пасля іх здымкі былі размешчаны на сайце "Белсата".

Вольга Чайчыц пакараная штрафам у 45 базавых велічынь (1 035 рублёў).

Андрэй Козел пакараны штрафам 45 базавых велічынь (1 035 рублёў).

Дзмітрый Кротаў, фота " Белсат"

16.15 Наступнымі судзяць Аляксандра Баразенку і Ганну Аземша. Журналісты заявілі, што не прызнаюць сябе вінаватымі і не будуць даваць паказанні суду, бо маюць права не сведчыць супраць сябе.

Пасля гэтага ў судзе зноў выступіў супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Кротаў. Ён даў супраць журналістаў аналагічныя паказанні: прысутнічалі на акцыі, незаконна выраблялі прадукцыю СМІ, якую размясцілі на сайце тэлеканала "Белсат".

Аляксандр Баразенка пакараны штрафам у 25 базавых велічынь (575 рублёў).

Ганна Аземша пакараная штрафам 25 базавых велічынь (575 рублёў).

***

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” настойвае на неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адказнасць па дадзеным артыкуле прадугледжана за незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ. Паводле беларускага заканадаўства, выраб прадукцыі СМІ — кампетэнцыя выключна рэдакцыі, то бок юрыдычнай асобы, але не журналістаў.

Таксама 16 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”, удзел у якой прымуць прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў Еўропы.

Асноўнай тэмай размовы стане неабходнасць спыніць пераслед журналістаў у Беларусі.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП 2014–2017 гг.

Падпісвайцеся на канал ГА "БАЖ" у "Тэлеграм"