280

Журналісту з Ганцавічаў паведамілі пра разгляд яго справы ў іншым горадзе праз тры дні пасля судовага працэсу

26.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На адрас рэдакцыі газеты “Ганцавіцкі час” і на асабісты адрас журналіста гэтага выдання Аляксандра Пазняка прыйшоў ліст з Брэсцкага абласнога суда.

У лісце паведамляецца, што разгляд адміністрацыйных справаў у адносінах да супрацоўнікаў “Ганцавіцкага часу” Сяргея Багрова і Аляксандра Пазняка, а таксама яшчэ двух затрыманых падчас акцыі ў Ганцавічах 20 чэрвеня, адбудзецца ў Баранавічах.

У лісце за подпісам старшыні Брэсцкага абласнога суда Антона Гушчына адзначаецца, што змена суда зроблена “у мэтах аператыўнага, усеагульнага і аб’ектыўнага разгляду”.

Суд сапраўды адбыўся 22 чэрвеня у Баранавічах, куды ганцавіцкіх журналістаў прывезлі з міліцэйскага пастарунку ў родным горадзе. Пры гэтым родным, калегам і адвакатам затрыманых, якія сабраліся раніцай 22 чэрвеня каля суда Ганцавіцкага раёна, даваць нейкую інфармацыю адмаўляліся.

У выніку адміністрацыйныя справы у Баранавічах усё ж разглядаліся ў прысутнасці адвакатаў: Аляксандр Пазняк быў пакараны штрафам памерам у 30 базавых велічынь (810 рублёў), а Сяргей Багроў — арыштам на 15 сутак.

Журналист в тюрьме шестые сутки. Поддержим коллегу!

На трэці дзень пасля суда Аляксандр Пазняк атрымаў ліст пра перанос разгляду сваёй адміністрацыйнай справы ў іншы горад. Які быў сэнс дасылаць такі ліст з Брэста 22 чэрвеня звычайнай поштай (кош перасылкі 2 рублі) — невядома. Паводле паштовага штампа, ліст трапіў у Ганцавіцкі вузел сувязі толькі 24 чэрвеня.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!