301

Журналісту “Радыё Рацыя” адзінаццаты раз адмовілі ў акрэдытацыі ў Беларусі

17.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Гродзенскі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Віктар Парфёненка чарговы раз атрымаў ад МЗС Беларусі адмову ў акрэдытацыі журналісцкай дзейнасці. Агулам гэта ўжо адзіннаццатая няўдалая спроба журналіста “Беларускага Радыё Рацыя” атрымаць афіцыйны дазвол на працу.

Пачынаючы з 2009 года Віктар Парфёненка намагаецца атрымаць афіцыйны дазвол, каб на законных падставах супрацоўнічаць з “Беларускім Радыё Рацыя”. Для гэтага ён штогод збірае неабходны пакет дакументаў для акрэдытацыі: пісьмовыя звароты кіраўніка замежнага СМІ, даведкі пра медыярэсурс і яго карэспандэнцкія пункты на тэрыторыі Беларусі, біяграфічныя звесткі, фотаздымкі, копіі пашпарта і пасведчання журналіста.

Нягледзячы на паўнату і сапраўднасць усіх звестак, журналіст нязменна цягам ужо дзесяці гадоў атрымлівае адмовы.

Падрабязнасцямі пра новую спробу акрэдытацыі Віктар Парфёненка падзяліўся з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”:

“Праз вялікую колькасць папярэдніх адмоў я вырашыў, што мае сэнс гэтым разам падацца ўжо на часовую акрэдытацыю ў сувязі з правядзеннем выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў. Я не меў ілюзій, але ж спадзяваўся, што на прыняцце станоўчага рашэння паўплывае жаданне мець станоўчы імідж дзяржавы, бо замежныя журналісты мусяць неяк асвятляць электаральны працэс.

Заяву я накіраваў у электронным выглядзе, далучыў да яе ўсе неабходныя дакументы. Цікава, што на той момант не працавала беларуская версія анлайн-рэгістрацыі, я падаў адпаведную скаргу. Падчас тэлефанавання ў МЗС мне сказалі, што патрабаванні маёй скаргі выкананыя, а адказ на маю заяву пра акрэдытацыю дасланы на электронную пошту рэдакцыі. Сенсацыі не адбылося: мне паноўна адмовілі згодна з пунктам 15.4 Палажэння пра акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ”.

Пункт 15.4 Палажэння пра парадак акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных СМІ:

“Цягам шасці месяцаў адмаўляць замежнаму сродку масавай інфармацыі ў акрэдытацыі журналістаў у выпадку вызначэння факту выкарыстання паслуг журналістаў і (або) іншых асобаў, якія не маюць акрэдытацыі”.

На пачатку 2019 года Віктар Парфёненка ў дзясяты раз падаваў дакументы для акрэдытацыі ў якасці журналіста “Радыё Рацыя” ў Міністэрства замежных справаў Беларусі. Аднак камісія МЗС па разглядзе пытанняў акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ нават пасля выканання яе патрабавання даслаць дадатковыя біяграфічныя звесткі пра журналісцкую дзейнасць адмовіла ў акрэдытацыі. Адказ на зварот пры гэтым быў дасланы не заяўніку персанальна, а на электронную пошту рэдакцыі “Беларускага Радыё Рацыя”.

На сёння ў Беларусі склалася сітуацыя, калі журналістам-фрылансерам з аднаго боку адмаўляюць у акрэдытацыі, з іншага — пераследуюць і штрафуюць за супрацу з замежнымі медыя без акрэдытацыі.

Гэтак, агульная сума штрафных санкцый у дачыненні журналістаў тэлеканала “Белсат”, складае на сёння больш за 95 тысячаў долараў.