276

Журналісту Арцёму Ляву вярнулі тэхніку і дакументы, якія забралі падчас аблавы ў бізнэс-цэнтры "Імагуру" 5 сакавіка

09.03.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Цікава, што на тэхніку не быў складзены вопіс. Рэчы ляжалі ў памяшканні, дзе праходзіла мерапрыемства, а журналіст у гэты час выйшаў, таму сумку проста забралі разам з усімі людзьмі, якіх у той вечар затрымалі ў "Імагуру".

У журналіста ёсць вялікія пытанні да такога падыходу. Бо супрацоўнікі міліцыі, атрымліваецца, не нясуць адказнасць за матэрыяльныя каштоўнасці, якія ім прывезлі амапаўцы без якога-кольвек дакументавання.

6 сакавіка Арцём Лява тэлефанаваў у РУУС, каб даведацца, дзе яго сумка з тэхнікай, дакументамі, грашыма. А сёння журналіста двойчы выклікалі ў Ленінскі РУУС Мінска: першы раз забраць свае рэчы, а другі раз — пісаць тлумачальную наконт яго званка ў міліцыю 6 сакавіка, калі журналіст, як ён кажа, "спрабаваў знайсці канцы".

Нагадаем, 5 сакавіка вечарам невядомыя ў масках прыйшлі на ўстаноўчую канферэнцыю Лігі студэнцкіх аб'яднанняў, якая праходзіла ў "Імагуру", было затрымана 29 чалавек, паводле інфармацыі праваабаронцаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!