273

Журналісту Андрэю Мялешку міліцыянт пагражаў скласці пратакол, калі той працуе для "Белсата" ВІДЭА

19.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Супрацоўнік міліцыі перашкодзіў выконваць прафесійныя абавязкі незалежнаму журналісту з Гродна Андрэю Мялешка. Інцыдэнт здарыўся 18 студзеня ў Лідскім раённым судзе падчас агалошвання прысуду па крымінальнай справе грамадскага актывіста Вітольда Ашурка.

Калі журналіст асвятляў судовы працэс, да яго падышоў маёр міліцыі Мікалай Рабушка і запатрабаваў дакументы. Мялешка паказаў яму пашпарт і пасведчанне Міжнароднай федэрацыі журналістаў. Міліцыянт папярэдзіў, што ўжо ў судзе мае права скласці ў дачыненні да яго пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9 (парушэнне заканадаўства аб СМІ).

Андрэй Мялешка лічыць, што сваімі дзеяннямі міліцыянт парушае артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе грамадзянам краіны “права на атрыманне, захоўванне i распаўсюд поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае i мiжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя”.

Журналіст таксама паведаміў, што міліцыянт перашкодзіў яму працаваць,  спрабуючы забраць у яго з рук дыктафон. Андрэй Мялешка адзначае, што звязвае такія дзеянні супрацоўніка міліцыі ў першую чаргу з тым прававым бязмежжам, што творыцца ў краіне апошнія пяць месяцаў.

Нагадаем, што Лідскі раённы суд прысудзіў Вітольду Ашурку 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 342 (удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) Крымінальнага кодэкса РБ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!