387

Журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну зноў пакаралі за працу на “Радыё Рацыя”

06.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Бярозаўскага раёна Алена Нямкова прызнала незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну вінаватай “у вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” без акрэдытацыі і пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічынь, што складае 612,5 рублёў.

Падставай сталі рэпартажы, пра помнік савецкаму лётчыку-выпрабавальніку Валерыю Чкалаву, усталяваны ў аграгарадку Першамайскае Бярозаўскага раёна, а таксама пра адчыненую ў гэтым жа паселішчы краму “Еўраопт”.

Адміністрацыйныя пратаколы паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”) былі складзеныя на журналістку з Бярозы яшчэ ў сярэдзіне ліпеня, аднак з-за недарэчнасцяў яны былі вернутыя на дапрацоўку ў міліцыю.

Калі судовы працэс аднавіўся, начальнік аддзела прафілактыкі Бярозаўскага РАУС Андрэй Жук заявіў, што браць інтэрв’ю без акрэдытацыі ў Беларусі нікому наогул нельга, бо гэта нібыта забараняе закон. Сама Тамара Шчапёткіна ў чарговы раз засведчыла, што не лічыць сябе вінаватай і паводле Канстытуцыі мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Аднак яе аргументы не былі прынятыя судом.

Тым часам стала вядома, што ў дачыненні да незалежнай журналісткі складзены яшчэ адзін пратакол: гэтым разам за матэрыял на “Радыё Рацыя” пра закрыццё фермы ў Іванаўскім раёне. Так што Тамару Шчапёткіну неўзабаве чакае новы суд.

Увогуле за сваю журналісцкую дзейнасць яе судзілі ўжо 15 разоў, а скарга Шчапёткінай на адзін з такіх прысудаў зарэгістраваная ў Камітэце па правах чалавека ААН.