356

Журналістку Вольгу Быкоўскую не пусцілі на пасяджэнне выбарчай камісіі ў Мінску

17.10.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістка Bdg.by хацела прысутнічаць на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Усходняй выбарчай акругі № 107 у Мінску, дзе ў дэпутаты ішоў старшыня “Руху за свабоду” Юрась Губарэвіч.

Аднак сябры выбарчай камісіі не дазволілі журналістцы быць на пасяджэнні.

Вольга Быкоўская распавяла, што ад яе запатрабавалі акрэдытацыі і нават не далі магчымасці паказаць пасведчанне журналіста, а пасля папрасілі пакінуць памяшканне. Паводле яе слоў, усё гэта адбывалася на вачах назіральнікаў.

Пасля гэтага інцыдэнту журналістка звярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі, дзе паведамілі, што беларускім журналістам ніякая акрэдытацыя не патрабуецца.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася ва Усходнюю выбарчую камісію па тлумачэнні. Супрацоўнікі камісіі заявілі БАЖ, што папрасілі журналістку паказаць пасведчанне, а такога не аказалася.

Разам з тым у камісіі пацвердзілі, што журналістам зарэгістраваных у Беларусі медыя дастаткова мець пры сабе пасведчанне журналіста СМІ.