2192

Журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч пакаралі арыштам на 15 сутак

17.05.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістку  TUT.BY Любоўю Каспяровіч абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні (24.23 КаАП). Яе затрымалі ў пятніцу, 14 мая, побач з Домам правасуддзя. Гэтыя дні Любоў правяла ў ІЧУ.

Судовы працэс ішоў цэлы дзень, пачытайце, як ён адбываўся. У выніку Любоў Каспяровіч пакаралі арыштам на 15 сутак.

Толькі ў дзень суда стала вядома, што Любоў Каспяровіч вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаванні (24.23 КаАП). З пятніцы адваката да яе не пускалі.

Суд адбываецца па Skype, справу разглядае суддзя Сяргей Кацэр.

Любоў Каспяровіч у судзе заявіла, што дагэтуль не ведала, за што яна затрыманая. З пратаколам яе не знаёмілі.

Разам з тым у пратаколе адзначана, што журналістка адмовілася знаёміцца са справай.

— Гэта хлусня, — кажа журналістка. 

Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва Каспяровіч аб азнаямленні са справай. Але дазволіў Каспяровіч 7 хвілін паразмаўляць праз скайп са сваім абаронцам у прысутнасці сакратара суда.

У суд Маскоўскага раёна, дзе судзяць Любоў Каспяровіч, не пусцілі фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу

У судзе над журналісткай перапынак на 15 хвілін.

Пасля перапынку адвакат журналісткі Любові Каспяровіч заявіў хадайніцтва вызваліць журналістку, бо прадугледжаныя законам на затрыманне 72 гадзіны прайшлі.

— Адміністрацыйнае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх выпадкаў, калі можна затрымліваць чалавека больш чым на 72 гадзіны, — кажа адвакат.

Суд адмовіў.

Адвакат заявіў адвод суду. Аб'явілі перапынак.

Суддзя не задаволіў хадайніцтва аб адводзе.

Адвакат заявіў хадайніцтва праводзіць працэс не праз скайп з-за нізкай якасці сувязі. Суддзя адмовіў.

— Хто-небудзь можа мне патлумачыць, чаму я дагэтуль знаходжуся на Акрэсціна? — пытае журналістка.

— Вы не можаце задаваць пытанні суду, — адказвае суддзя Сяргей Кацэр.

Адвакат далучыў да справы шэраг дакументаў, якія пацвярджаюць, што абаронца звяртаўся ў РУУС, але яму адмовілі ў магчымасці сустрэцца з Каспяровіч і прысутнічаць пры адміністрацыйным працэсе.

Суддзя зачытаў пратакол, журналістку вінавацяць у тым, што ў пятніцу з 10:10 да 10:40 яна пікетавала Дом правасуддзя.

Журналістка катэгарычна нязгодная. Расказала, што прыйшла пісаць пра суд па «справе студэнтаў», на які нават мела акрэдытацыю.

А ў пазначаны ў пратаколе час журналістака знаходзілася ў самім будынку Дома правасуддзя.

Што кажа Любоў Каспяровіч: Напярэдадні суда яна атрымала ад прэс-службы суда акрэдытацыю на асвятленне суда па "справе студэнтаў". Перад уваходам у суд Любоў паразмаўляла з бацькам адной са студэнтак, а потым да 10 гадзіны падышла да залы суда, але не змагла трапіць ўнутр.

"Я выйшла з будынка суда, бачыла, як людзі разыходзяцца. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што пропуск у залу зачынены, усіх папрасілі разысціся. Я пайшла да метро, ​​мяне затрымалі не каля пляцоўкі побач з Домам правасуддзя, а вельмі далёка ад яе. Я была затрыманая ці то ў 11.13, ці то ў 11.23 — у мяне вырвалі тэлефон, я дакладна не запомніла. Мяне затрымалі па дарозе да метро "Пятроўшчына".

"Я б ні за што не падумала, што гэта пікет ці нейкі масавы сход, гэта проста людзі, якія сыходзілі з суда. Я была адна, не была ні ў якой групе грамадзян, мэты публічнага выказвання сваіх палітычных інтарэсаў ля Дома правасуддзя ў мяне не было. Мая адзіная мэта была — зрабіць якасна сваю працу. На жаль, я не патрапіла ў залу суда, але зрабіла ўсё, што магла, і пайшла далей рабіць сваю працу. Калі вы ўбачыце вопіс маёй маёмасці, вы зразумееце, што торбай і кашальком пікетаваць немагчыма"

"У мікрааўтобусе мне сказалі пакласці рукі на калені і што павязуць у РУУС, там я прабыла да 23 гадзін. І вось ужо трое сутак я знаходжуся ў камеры на 3 чалавека, дзе спіць 7 чалавек. У нас не выключаюць святло, спім на голых дошках — ніякіх спальных прыналежнасцяў няма" — цытуе TUT. BY словы журналісткі.

У судзе над Каспяровіч павінен быў пачацца допыт сведкі — супрацоўніка міліцыі Іванова Івана Іванавіча — яго сапраўдныя дадзеныя засакрэчаны.

Яшчэ перад пачаткам допыту журналістка заявіла, што сведка прысутнічаў побач падчас усяго ранейшага працэсу і ўсё чуў, адпаведна не можа быць дапытаны.

На гэта звярнуў увагу і адвакат. У судзе зноў абвясцілі перапынак.

Суд над журналісткай TUT.BY Любоўю Каспяровіч працягнуўся. У суд прыехала галоўны рэдактар выдання Марына Золатава.

Нягледзячы на тое, што сведка прысутнічаў падчас дачы паказанняў журналісткі, суддзя вырашыў яго ўсё адно дапытваць.

— Супрацоўнік міліцыі знаходзіўся побач і не можа быць дапытаны. Таксама ён не даваў падпіску аб адказнасці за дачу непраўдзівых паказанняў, — падкрэслівае журналістка праз відэасувязь.

— Ён дасць яе пазней, — адказвае суддзя Сяргей Кацэр.

Сведка-міліцыянт расказвае, што Любоў Каспяровіч знаходзілася ў групе грамадзянаў ля Дома правасуддзя, пасля чаго пакінула пляцоўку.

— Я бачу сведку першы раз у жыцці, — падкрэслівае журналістка.

У рапарце аб затрыманні сведка-міліцыянт сцвярджае, што прымаў удзел у затрыманні. У судзе міліцыянт заявіў, што ў затрыманні ўдзел не прымаў:

— Магчыма, няправільна запісаў.

Журналістка спрабуе задаць некалькі пытанняў адносна таго, як, хто і чаму і яе затрымліваў.

— Можаце не адказваць на пытанне, — гаворыць суддзя Сяргей Кацэр.

Можна зразумець, такім чынам суддзя здымае пытанні.

Допыт міліцыянта скончаны. Чытаюць характарыстыку журналісткі з TUT.BY, а таксама дакументы пра тое, што адваката не дапускалі да затрыманай у РУУС.

Адвакат заявіў хадайніцтва дапытаць чатырох сведкаў з боку абароны, якія бачылі падзеі. Хадайніцтва задаволілі.

Будуць дапытваць Дар'ю Спевак, журналістку Onliner.

Пасля Дар'і Спевак у якасці сведак дапыталі Вадзіма Заміроўскага, Кацярыну Кулакову і Надзею Калініну.

Сведкі цалкам пацвердзілі словы журналісткі Каспяровіч — ніякага пікету не было, людзі ішлі ў бок метро, Любу затрымалі «людзі ў чорным».

Таксама Надзея Калініна падрабязна расказала пра тое, як адвакат Любові Каспяровіч у пятніцу шмат разоў безвынікова спрабаваў трапіць да сваёй падабароннай у РУУС.

Адвакат паўторна заявіў хадайніцтва аб неадкладным вызваленні журналісткі.  Суд адмовіў.

Суддзя прызнаў Журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч вінаватай ва ўдзеле ў незаконнай вулічнай акцыі, яе пакаралі арыштам на 15 сутак.

***

Нагадаем, 14 траўня суд у Мінску пачаў разглядаць вялікую «справу студэнтаў» — у ёй 12 абвінавачаных. Каля будынка Дома правасуддзя сабраліся тыя, хто хацеў падтрымаць маладых людзей: іх сваякі, сябры, неабыякавыя беларусы, працавалі і журналісты. У залу пасяджэння амаль нікога не пусцілі. Усяго каля будынка было не менш за 100 чалавек. Міліцыя папрасіла іх разысціся, пазней пачаліся затрыманні. Сярод затрыманых апынулася і журналіст TUT.BY Любоў Каспяровіч. Яна рабіла матэрыял.

Да суда Любоў Каспяровіч была затрыманая, гэтыя дні яна правяла ў ІЧУ. Цёплыя рэчы для яе не прынялі ад сваякоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!