НЕ - ВАЙНЕ!
259

Журналістку Таццяну Мацвееву выклікалі ў міліцыю і распытвалі пра «экстрэмісцкае фармаванне»

30.06.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Журналістцы Таццяне Мацвеевай патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС Віцебска і запрасілі нібыта на прафілактычную гутарку — маўляў, набліжаецца 3 ліпеня, будуць праходзіць масавыя мерапрыемствы, а таму праводзіцца прафілактыка па папярэджанні правапарушэнняў. Аднак «прафілактыкай» міліцыянты не абмежаваліся.

Супрацоўніка міліцыі, які размаўляў з журналісткай, найбольш цікавіла яе супраца з вядомым беларускім парталам.

— Прычына «прафілактычнай гутаркі» была зусім не ў тым, што набліжаецца «важная дата», і што ўсіх «нядобранадзейных» трэба папярэдзіць, каб сядзелі як мышы пад венікам і не перашкаджалі народным «гуляніям» і «таржэствам». Прычына была ў тым, што Тут.бай нядаўна прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». І вось у мяне амаль дзве гадзіны даведваліся, ці не супрацоўнічаю я з ёй, — напісала Таццяна Мацвеева ў Facebook.

Асабліва журналістку ўразіў момант развітання з міліцыянтам, які сказаў ёй: «Да новых сустрэч».

З гэтага Таццяна Мацвеева зрабіла выснову, што цяперашняя сустрэча — не апошняя.

Хоць яна і раней ведала, што ў міліцыі ёсць нейкія спісы «нядобранадзейных асобаў», якіх перыядычна выклікаюць на гутарку. Яе саму напярэдадні рэферэндуму 27 лютага выклікалі і ў РАУС, і ў пракуратуру. Але тады насамрэч размовы былі пра дзейнае заканадаўства і пакаранні, прадугледжаныя за пэўныя правапарушэнні.

З 2013-га па 2021 год Таццяна Мацвеева сапраўды была рэдактарам па Віцебскай вобласці гэтага вядомага партала, пакуль той не быў абвешчаны «экстрэмісцкім» інфармацыйным рэсурсам. Пасля разгрому і закрыцця выдання ў траўні 2021 года некаторыя яго супрацоўнікі апынуліся за кратамі, многія былі вымушаныя пакінуць краіну, бо не пачуваліся ў бяспецы. Таццяна прыняла для сябе прынцыповае рашэнне заставацца ў Беларусі, цяпер яна працуе фрылансерам у некалькіх незалежных выданнях і вядзе ў Facebook старонку «Новости Витебска ТУТ».

— Надакучыла ўжо адчуваць сябе мошкай, якую ў любы момант могуць растаптаць, прыхлопнуць. Надакучыла ў стомільённы раз збіраць сябе па шматках, па кавалачках, каб зноў неяк мабілізаваць сілы і жыць, — падзялілася журналістка сваімі перажываннямі пасля візіту ў РАУС.

У адказ яе сябры па Facebook пачалі распавядаць пра свой досвед стасункаў з міліцыянтамі, і аказалася, што ў апошнія некалькі тыдняў супрацоўнікі міліцыі насамрэч актывізаваліся. Апроч Таццяны Мацвеевай, на «прафілактычныя» гутаркі ў аддзяленні міліцыі былі выкліканыя яшчэ некалькі віцебскіх журналістаў і грамадскіх актывістаў.

Чытайце яшчэ:

Без суда приостанавливать работу СМИ: в России приняли новый закон

"Хотим добавить в местную экосистему немного рок-н-ролла": белорусские журналисты запустили в Казахстане новое медиа

Доступ да сайта Беларускага расследвальніцкага цэнтра заблакаваны

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!