336 0

Журналістку Шчыракову пакаралі штрафам за стрым з дазволенага ўладамі мітынгу

19.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Гомельскага раёна Аляксандр Сусла пакараў журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову штрафам у 35 базавых велічыняў за стрым у інтэрнэт.

19 траўня на падставе міліцэйскага пратакола суддзя Гомельскага раёна Аляксандр Сусла прызнаў журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканала "Белсат" і аштрафаваў на 35 базавых велічыняў.

Падставай для штрафу паслужыў стрым у інтэрнэт першатравеньскага мітынгу ў Гомелі, які быў дазволены гарвыканкамам.

У міліцэйскім пратаколе так званае правапарушэнне журналісткі Ларысы Шчыраковай сфармулявана так: "Ажыццяўляла публікацыю відэаздымкаў з інтэрв'юраваннем грамадзянаў для праграмы "Аб'ектыў" тэлеканала "Белсат"".

Журналістка патлумачыла, што працуе ў польскай прадзюсэрскай фірме “Ньюс-інфармацыя”, плаціць падаткі, рыхтуе для яе іншы раз інфармацыйныя матэрыялы. Відавочна, што яны праз фірму трапляюць на беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, які вядзе трансляцыю з тэрыторыі Польшчы.

“Беларуская Канстытуцыя, — заявіла ў судзе Шчыракова, — прадастаўляе мне права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, гэтаксама як і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь. Усе падзаконныя акты, якія абмяжоўваюць гэтае маё права з’яўляюцца анахранізмам. Нават закон аб СМІ дазваляе мяне караць за тое, што займаюся журналістыкай. У СССР каралі чалавека, што ён не працуе, у суверэннай Беларусі караюць за тое, што я працую. Я здымала, здымаю і буду здымаць, каб паказаць адсурднасьць цяперашняга закона. Калі выйсці і спытаць у звычайных, незаангажаваных грамадзянаў: амаль дзесяць мільёнаў (цяперашніх 1 000 рублёў) штрафу журналістцы за тое, што яна здымала першатравенскі мітынг — гэта адэкватнае пакаранне? Вы не знойдзеце незаангажаваных людзей, якія б сказалі: “Так-так, правільна”. Ці можа ўжо ў турму саджаць журналістку, каб “не гаўкала?”.

Шчыракова лічыць, што неадпаведныя Канстытуцыі і міжнародным пагадненням законы павінны быць зруйнаваны, як некалі Карфаген, а ганебныя суды над журналістамі-фрылансерамі спыненыя.

Абмежаваць права грамадзяніна на збор і распаўсюд інфармацыі дзяржава мае тады, калі гэта абмяжоўвае правы іншых, шкодзіць здароўю і маральнасьці людзей альбо пагражае нацыянальнай бяспецы.

“Хачу, каб суд хоць бы ў матывіровачнай частцы пастановы патлумачыў, чаму абмяжоўвае мае правы на збор і распаўсюд інфармацыі, бо не думаю, што онлайн-трансляцыя з мітынгу неяк пагражала нацыянальнай бяспецы ці маральнасьці грамадства”, — заявіла журналістка Шчыракова.

Гэты штраф Ларысе Шчыраковай — чацьвёрты па ліку за онлай-трансляцыі з акцый пратэсту супраць “дармаедскага” дэкрэта № 3 і асвятленне сацыяльных праблемаў рэгіёну.

Каментары