836

Журналістку Шчыракову аштрафавалі за асвятленне візіту Алексіевіч на яе малую радзіму

05.10.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

У Петрыкаве журналістку Шчыракову аштрафавалі на 690 рублёў — за здымкі візіту лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч у Капаткевічы на яе малую радзіму.

Суддзя Петрыкаўскага раёна Андрэй Багданік 5 кастрычніка на падставе міліцэйскага пратакола аштрафаваў гомельскую незалежную журналістку Ларысу Шчыракову на 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за відэасюжэт на тэлеканале “Белсат” пра візіт нобелеўскай лаўрэаткі, пісьменніцы Святланы Алексіевіч у родную школу ў вёсцы Капаткевічы.

Капаткевіцкую сярэднюю школу пісьменніца скончыла ў 1965 годзе, а сустрэча з аднакласнікамі  адбылася сёлета ў жніўні. Аднак ніводзін з афіцыйных беларускіх тэлеканалаў не паказаў  гэтую сустрэчу. Гэта зрабіў “Белсат”, скарыстаўшы відэаздымкі Шчыраковай, за што яе і аштрафаваў Петрыкаўскі раённы суд.

“Пратаколамі, штрафамі, запускамі зняважлівых матэрыялаў у сацыяльных сетках спецслужбы імкнуцца абмежаваць усялякія стасункі з “Белсатам” як альтэрнатыўным тэлебачаннем, выжываюць з прафесіі. Заўтра, напрыклад,  выклікаюць у Чыгуначны РАУС за тое, што на мінулым тыдні ў суд Гомельскага раёна прыйшла з шыльдай на шыі “Я — нячэсны журналіст”, — сказала службе маніторынгу ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова.

За супрацу з “Белсатам” сёлета журналістку Шчыракову штрафавалі сем разоў — на агульную суму 4 776 рублёў.