464

Журналістку Марыну Кастылянчанка зноў асудзілі на 15 сутак. Агулам у СІЗА яна правядзе месяц

17.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У аўторак, 17 лістапада, у следчым ізалятары №6 у Баранавічах, дзе цяпер таксама ўтрымліваюцца адміністрацйныя асуджаныя, на выязным судовым паседжанні асудзілі на 15 сутак арышту незалежную журналістку і праваабаронцу “Вясны” Марыну Кастылянчанка. У баранавіцкім ізалятары яна адбывае прысуджаныя ёй раней 15 сутак арышту па арт. 23.34 і 23.4 КаАП.

Мясцовы суддзя Мікалай Кміта зноў арыштаваў журналістку па арт. 23.34 КаАП нібы за ўдзел у несанкцыянаваным шэсце 25 кастрычніка. Такім чынам, пад арыштам праваабаронца агулам правядзе 30 сутак, паведамляе Spring96.org.

Марына Кастылянчанка

Марына Кастылянчанка мусіла выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту ў суботу 14 лістапада ў 18:30. Але праз паўгадзіны чакання пад сценамі СІЗА да блізкіх журналісткі і іншых затрыманых з ёй у кавярні 30 кастрычніка выйшлі супрацоўнікі міліцыцыі і паведамілі, што яны зноў затрыманыя ў межах адміністрацыйнага працэсу і на волю сёння не выйдуць.

Як распавялі баранавіцкія міліцыянты, за паўгадзіны да вызвалення Марыны і яшчэ пяці чалавек яны атрымалі рапарты ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа аб тым, што яны нібы 25 кастрычніка ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсці ў Мінску. Таму яны затрыманыя для складання пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Судовыя працэсы над журналісткай у раскладзе суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч з’явіліся толькі ў аўторак пасля абеду. Але яны былі, па сутнасці, закрытымі: было арганізавана выязное паседжанне ў ізалятар. Праваабаронцы “Вясны” не змаглі на яго патрапіць, каб ажыццявіць маніторынг.

У выніку, суддзя Мікалай Кміта на выязным судовым паседжанні асудзіў незалежную журналістку і праваабаронцу “Вясны” Марыну Кастылянчанку на 15 сутак арышту.

Заўтра, 18 лістапада, у 14:30 ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі журналісткі на пастанову суда Заводскага раёна ад 2 лістапада, якой яна была асуджана на 15 сутак арышту.

Нагадаем, праваабаронцу «Вясны» Марыну Кастылянчанка 2 лістапада суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Суддзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай і прыняла рашэнне арыштаваць Марыну на 15 сутак. Праваабаронца цалкам не прызнала віну і назвала абвінавачванні абсалютнай выдумкай.

Заклікаем падтрымаць лістамі і паштоўкамі салідарнасці Марыну.

СІЗА-6, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць, вул. Брэсцкая, 253В, 225413

Марыне Аляксандраўне Кастылянчанка

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!