147 0

Журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 161 рубель

17.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У судзе Гомельскага раёна разгледзелі адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналісткі-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Ларысы Шчыраковай паводле артыкула 23.34 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Рагачове.

Суддзя Кавалевіч аштрафавала журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову  на 7 базавых велічыняў (161 рубель).

12 сакавіка журналістка здымала відэарэпартаж у Рагачове, а яе прыцягнулі да адказнасьці як удзельніцу несанкцыянаванага маршу пратэсту супраць “дармаедскага” дэкрэту №3.

 “Я не стала нешта тлумачыць суду, бо гэта апошнім часам бессэнсоўна, — гаворыць Шчыракова. — Працуе канвейер. Міліцыя складае пратаколы, а суды даюць штрафы альбо суткі. Журналістаў судзяць, каб не асвятлялі акцыі пратэсту”.

Яна сказала, што не давярае судовай сістэме, а гэтая адміністрацыйная справа — палітычная замова. Шчыракова адмовілася сведчыць супраць сябе. Доўга глядзелі відэазапіс з Рагачова— урэшце штраф.

У рапарце нейкага В. Радчанкі, які падпісаў падпалкоўнік міліцыі Аляксей Серабро, як начальнік аддзела аховы грамадскага парадку Рагачоўскага РАУС, і перанакіраваў у Гомель, напісана, што на плошчу ў райцэнтры 12 сакавіка прыйшлі агулам “140 грамадзянаў, у тым ліку журналістка-фрылансер Ларыса Шчыракова, якая неаднаразова трапляла ў поле зроку праваахоўных органаў у звязку са сваёй апазіцыйнай дзейнасцю”.

У “пасланні” рагачоўскага ахоўніка грамадскага парадку згадваюцца і іншыя імёны журналістаў.

Каментары