308

Журналістку-фрылансера з Гомеля Марыну Драбышэўскую пакаралі 10-суткавым арыштам

15.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 15 верасня пакараў журналістку-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Марыну Драбышэўскую за ўдзел у недазволеным маршы пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 10 суткамі арышту. Мінулую ноч яна правяла ў ізалятары.

Марыну прэвентыўна затрымалі напэрэдадні разам з сябрам ГА "БАЖ" Яўгенам Меркісам супрацоўнікі міліцыі з удзелам дзяржаўтаінспектараў. "Паляванне" за імі вялося яшчэ ад пятніцы. Драбышэўская паспела напісаць на сваёй старонцы ў  Facebook, што іх вязуць у Чыгуначны райаддзел міліцыі.

Ноччу старшыня Гомельскай філіі ГА "БАЖ" Мікола Бянько разам з маці Драбышэўскай  ездзілі ў Чыгуначны РАУС, каб перадаць Марыне адзенне і ежу.

Сённня ў судзе Антаніне Драбышэўскай зрабілася кепска, калі абвясцілі пра арышт дачкі. Жанчына мае інваліднасць, ёй патрабуецца дапамога, а дачку за надуманае правапарушэнне адправілі на дзесяць сутак у ізалятар.

Марына Драбышэўская асвятляла маршы пратэсту для шэрагу СМІ, у прыватнасці, для мясцовага папулярнага партала "Моцныя навіны".

У ізалятары знаходзіцца і журналіст-фрылансер Яўген Меркіс, які таксама вёў стрымы з пратэстных маршаў у Гомелі.  Як паведаміў Службе маніторынга ГА "БАЖ" афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні Яўгена Меркіса (паводле папярэдняй інфармацыі) прызначаны на 17 верасня ў Навабеліцкім раённым судзе Гомеля.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!