576

Журналістку-фрылансера з Бярозы Тамару Шчапёткіна зноў пакаралі штрафам

30.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"нгу Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Бярозаўскага раёна Наталля Мінчанка прызнала Тамару Шчапёткіну вінаватай у парушэнні артыкула 22.9. КаАП і прызначыла штраф памерам 30 базавых велічынь (735 рублёў).

Адміністрацыйная справа была заведзена паводле рэпартажа, які з’явіўся на інтэрнэт-старонцы “Радыё Рацыя” і быў прысвечаны закрыццю свінакомплекса ў Іванаўскім раёне.

У пратаколе сцвярджалася, што Тамара Шчапёткіна, зрабіўшы гэты рэпартаж, парушыла заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, а менавіта “здзейсніла незаконны выраб і ў далейшым распаўсюд у інтэрнэт-сетцы інтэрв’ю, не маючы акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Тамара Шчапёткіна паведаміла службе маніторынгу ГА “Беларуская асацяцыя журналістаў”, што не згодная з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць.

У пачатку жніўня журналістку-фрылансера з Бярозы ўжо судзілі за іншы рэпартаж на “Радыё Рацыя”, а таксама склалі новы адміністрацыйны пратакол за працу без акрэдытацыі.