Гомельскі раённы суд 12 красавіка разгледзеў ажно чатыры адміністрацыйныя пратаколы супраць журналісткі-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Ларысы Шчыраковай. Два з іх датычныя незаконнага вырабу прадукцыі СМІ без акрэдытацыі (артыкул 22.9 КаАП), яшчэ два — за няяўку ў міліцыю (артыкул 24.6 КаАП).
У выніку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 41 базавую велічыню: 40 базавых за парушэнне артыкула 22.9 КаАП і адна базавая — за няяўку ў міліцыю па позве.
На выхадзе з будынку Гомельскага раённага суда аштрафаваную журналістку сустрэла прадпрымальніца са словамі: “Гэта вам на штраф. І дзякуй за вашую грамадзянскую пазіцыю!” — і працягнула Шчыраковай 100 рублёў.
“Судзяць мяне за стрым мітынгу, які зладзілі на Дзень Волі ўдзельнікі “Маршу недармаедаў-2” каля Палаца таварыства глухіх. Стрым трансляваў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Яшчэ адзін матэрыял, паказаны на “Белсаце”, называўся “Беларускія бальніцы ставяць вопыты над пацыентамі”. У ім распавядалася, што ва Улукаўскай участковай бальніцы пацыентка засталася без своечасовай медычнай дапамогі і атрымала інсульт, а іншыя, малалетнія, — пакутавалі ад зробленых тут прышчэпак. Мне прыпісваюць, што я злоўжываю правамі і абавязкамі замежнага журналіста, прадугледжанымі пунктамі 2, 4, 6 артыкула 34 Закона аб СМІ. Спачатку мяне запісалі ў замежныя журналісты, а пасля пералічылі, што я парушыла. Вельмі выйгрышная пазіцыя”, — кажа Шчыракова.
Пратаколы на журналістку складалі супрацоўнікі Гомельскага РАУС Ігар Новак і Рустам Цітоў.
У міліцыю Шчыракову выклікалі ў выходныя дні — 25 і 26 сакавіка, калі грамадзяне маюць права на законны адпачынак. За няяўку ў суботу і спазненне ў нядзелю дадаліся яшчэ два пратаколы на падставе артыкула 24.6 КаАП.
Апроч таго, 25 сакавіка міліцыя затрымлівала Шчыракову і пад прымусам адвезла ў гарадскую пракуратуру, дзе ёй уручылі афіцыйнае папярэджанне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”, падпісанае намесніцай пракурора Ірынай Макарэвіч.
17 сакавіка журналістку судзілі за ўдзел у мірным сходзе “недармаедаў” у Рагачове. Старшыня суда Гомельскага раёна Раіса Кавалевіч аштрафавала Шчыракову на 7 базавых велічынь (161 рубель) нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Гэта без уліку папярэдніх буйных штрафаў, сума якіх перавысіла ў эквіваленце тысячу долараў.
А 13 красавіка, Ларысу Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд, дзе будзе разглядацца яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2, артыкулу 22.9 КаАП — за сюжэт “Дом «на курыных лапках» у Рэчыцы. Гэта форменнае свінства”.
Склаў пратакол супрацоўнік Рэчыцкага РАУСу Сяргей Жураў, які адмыслова прыязджаў у Гомель 25 сакавіка. Журналістку чарговы раз абвінавацілі ў тым, што, не маючы акрэдытацыі, яна апытвала жыхароў дома на вуліцы Войкава і “тым самым удзельнічала ў падрыхтоўцы і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, размясціўшы ў раздзеле “Аб’ектыў” замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.