342

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву зноў аштрафавалі. Яна нават не ведае за што

06.06.2018 Крыніца: ІІ, belsat.eu Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву на 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) за працу без акрэдытацыі – паводле арт. 22.9 ч. 2 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў).

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/20180529_115104-660x440.jpg

Судовае паседжанне адбылося яшчэ 23 траўня. Пастанову вынесла суддзя Вера Галаўкова.

Кацярына Андрэева на паседжанні не прысутнічала – ў гэты дзень яна працавала на форуме «Менскі дыялог», дзе як раз спрабавала даведацца ў кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея, чаму беларускія ўлады не даюць «Белсату» акрэдытацыю. Пра вынік суду стала вядома толькі сёння.

«Судоў вельмі шмат. Яны ідуць канвеерам, таму нават фізічна не паспяваеш сачыць за чарговай пастановаю ці прыходзіць у міліцыю па позвах. Я, шчыра кажучы, не ведаю, за што канкрэтна мяне судзілі. Відаць, беларускім суддзям больш няма чаго рабіць, акрамя таго, як зноў і зноў штрафаваць журналістаў», – кажа Кацярына Андрэева.

Пачынаючы з 2017 года на Кацярыну было складзена ўжо 7 адміністратыўных пратаколаў за працу без акрэдытацыі.