596

Журналістку «Белсата» затрымалі ў Гомелі перад пікетам, з якога яна мусіла весці стрым

19.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міліцыя перахапіла журналістку ў таксоўцы, каб уручыць позву

19 чэрвеня ў Гомелі міліцыя затрымала журналістку-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову, калі яна ехала на таксоўцы ў цэнтр горада, дзе ладзіцца апошні пікет па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Шчыракова збіралася асвятляць у СМІ гэтую перадвыбарчую акцыю.

"Таксі перастрэла міліцыя, як я толькі ад'ехала ад дома. Праверылі, мусіць, для адводу вачэй кіроўцу, а пасля забралі мяне ў РАУС Гомельскага раёна. Кажуць, што будуць уручаць позву. Якую і з якой нагоды, пакуль не кажуць. Зразумела, што будуць трымаць тут да заканчэння пікета па збору подпісаў", — паведаміла Шчыракова  з міліцыі карэспандэнту Службы маніторынгу ГА "БАЖ» па тэлефоне.

Яшчэ да затрымання журналістка напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што каля яе прыватнага дома зноў дзяжураць супрацоўнікі міліцыі. Але гэтым разам не ў міліцэйскім аўтамабілі, як раней, а ў цывільным.  Паводле Ларысы, адзін з міліцыянтаў сядзеў у машыне, а другі хадзіў уздоўж яе і суседскіх сядзібаў і заглядваў праз платы ў двары.

І сёння ж невядомы аўтамабіль дзяжурыў каля дома, дзе жыве гомельскі блогер Арцём Шапараў.

Журналістка Ларыса Шчыракова звярнулася у пракуратуру: ля яе дома дзяжурыць міліцыя

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!