972

Журналістку Аліну Скрэбунову аштрафавалі за сюжэты пра «Шпаркага лося» і «Дранік-Фэст»

15.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Таццяна Касцюк вырашыла, што незалежная журналістка Аліна Скрэбунова незаконна вырабіла прадукцыю СМІ і пакарала яе штрафам у памеры 30 базавых велічынь (690 рублёў) згодна ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Журналістку судзілі адразу па трох пратаколах аб адміністрацыйным правапарушэнні. Іх склаў супрацоўнік Ленінскага РАУС Магілёва Яўген Слаўнікаў на падставе паказаных па тэлеканале “Белсат” матэрыялаў: пра забарону веларуху па вуліцы Ленінскай, пра адкрыццё беларускамоўнага кафэ «Шпаркі лось» і пра «Дранік-Фэст» у Магілёве.

Міліцыянт Яўген Слаўнікаў абвінаваціў Аліну Скрэбунову ў тым, што яна працавала на тэлеканал “Белсат” без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Разгляд справы ў судзе павінен быў адбыцца яшчэ 8 лістапада, аднак быў перанесены на 14 лістапада, бо журналістка не прыйшла на судовае пасяджэнне.

14 лістапада Скрэбунова на судовым пасяджэнні прысутнічала, аднак у суд не з’явіліся ні адзін з пяці сведкаў.

У пачатку судовага пасяджэння Аліна Скрэбунова заявіла хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасці сведкі маёра Яўгена Слаўнікава. Па словах журналісткі, пры складанні адміністрацыйных пратаколаў Яўген Слаўнікаў дапусціў мноства працэсуальных парушэнняў, не распавёў ёй пра яе правы. Суддзя Таццяна Касцюк хадайніцтва журналісткі не задаволіла.

У сваім выступе ў судзе Аліна Скрэбунова не прызнала сябе вінаватай і заявіла, што лічыць справу палітычна матываванай. Журналістка падкрэсліла, што адміністрацыйны працэс і суд у дачыненні да яе з’яўляецца прамым парушэннем свабоды слова і канстытуцыйных правоў. А. Скрэбунова ўказала на тое, што маёр Слаўнікаў не знайшоў фактаў, якія б указвалі на яе супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”.

Разам з тым журналістка не адмаўляла, што гутарыла з героямі паказаных на тэлеканале “Белсат” матэрыялаў і брала ў іх інтэрв’ю. Яна патлумачыла, што рабіла гэта, як журналіст-фрылансер, і спаслалася на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якае дае права грамадзяніну збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

Пасля выступу Скрэбуновай і агалошвання матэрыялаў справы суддзя Таццяна Касцюк захацела азнаёміцца з відэасюжэтамі, у стварэнні якіх абвінавачвалі Аліну Скрэбунову. Аднак пры іх праглядзе атрымалася казусная сітуацыя – прадастаўлены маёрам Слаўнікавым дыск не адчыніўся на судовым ноутбуку і матэрыялы “з тэхнічных прычын” праглядзець не ўдалося.

А. Скрэбунова заявіла хадайніцтва аб спыненні адміністрацыйнай справы ў дачыненні да яе, бо ў справе адсутнічаюць відэаматэрыялы, за якія яе хочуць прыцягнуць да адказнасці. Суддзя Таццяна Касцюк і гэта хадайніцтва журналістцы не задаволіла, хуценька аб’явіўшы перапынак для прыняцця рашэння.

Пасля амаль двухгадзіннага перапынку суддзя вынесла рашэнне аб пакаранні А. Скрэбуновай штрафам у памеры 30 базавых велічынь (690 рублёў) за сюжэты пра адкрыццё беларускамоўнага кафэ «Шпаркі лось» і пра «Дранік-Фэст» у Магілёве. Сюжэт пра магілёўскіх раварыстаў, па якім на журналістку быў таксама складзены адміністрацыйны пратакол, быў выключаны са справы, бо сышоў тэрмін яго разгляду.

Па словах Аліны Скрэбуновай, яна будзе абскарджваць рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва. Журналістка лічыць, што ў яе дзеяннях няма складу правапарушэння.

Нагадаем, што ў верасні гэтага года Аліна Скрэбунова ўжо была пакараная Кастрычніцкім райсудом Магілёва штрафам у памеры 20 базавых велічынь (460 рублёў) згодна ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.