486

Журналістку Аліну Скрабунову будуць судзіць за інтэрв’ю, якое яна дала тэлеканалу

28.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

На магілёўскую журналістку Аліну Скрабунову супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол, палічыўшы за прадукцыю СМІ інтэрв’ю, якое яна дала тэлеканалу “Белсат” пасля вобшуку ў яе кватэры.

Зараз у дачыненні да журналісткі распачаты адміністрацыйны працэс нават не за журналісцкую дзейнасць, а за яе каментар у выпуску навін замежнага тэлеканала.

Суддзя Кастрычніцкага раённага суда Магілёва Вольга Краўчанка прыняла да разгляду пратакол, складзены маёрам міліцыі Васілём Карніенка ў дачыненні да Аліны Скрабуновой 22 сакавіка. Да гэтага суддзя адправіла на дапрацоўку аналагічны пратакол ад гэтага ж міліцыянта, складзены 10 сакавіка. Прычынай вяртання стала толькі тое, што Карніенка не ўказаў найменне той прадукцыі СМІ, якую нібыта незаконна вырабіла Скрабунова.

Суддзю не збянтэжыла, што пратакол складзены ў адсутнасць нібыта правапарушальніцы, і што той ніяк не растлумачаны яе правы. Таксама суддзю не збянтэжыла адсутнасць у пратаколе даты так званага правапарушэння Скрабуновой.

У новым пратаколе адбыліся некаторыя змены, якія ніяк не закранулі тлумачэння правоў журналісткі: Карніенка ўказаў час "правапарушэння" — 5 лютага 2021 года і назву сюжэта ў навінавым выпуску "Белсата" — "Пераслед журналістаў ў Магілёве".

У інтэрв’ю, якое доўжылася каля хвіліны, Скрабунова распавяла пра вобшук, што правялі міліцыянты ў яе кватэры 5 сакавіка . Тады пасля “агляду” жылля ў Аліны забралі ўсю тэхніку: сістэмны блок камп’ютара, два ноўтбукі, дзве відэакамеры, тэлефоны, флэшкі і інш. Ніякіх папер, у тым ліку пратакола вынятку тэхнікі, супрацоўнікі міліцыі журналістцы не пакінулі.

Судовае пасяджэнне суддзя Краўчанка прызначыла на 31 сакавіка, будзе разглядаць гэты каментар Скрабуновай.

Самае цікавае, што з 7 сакавіка 2021 года Аліна Скрабунова знаходзіцца за межамі Беларусі. Нягледзячы на гэта, магілёўскія праваахоўнікі не спыняюць у дачыненні да яе пераслед.

Толькі ў сакавіку журналістка была аштрафаваная дзесяць разоў па абвінавачанні ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП РБ). Агульная сума гэтых штрафаў склала 7540 рублёў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!