1552

Журналістку Алену Доўнар арыштавалі на 15 сутак

29.09.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістку, сябру ГА "БАЖ" Алену Доўнар затрымалі ў Мінску 26 верасня падчас "жаночага маршу". Трое сутак да суда яна правяла ў ізалятары на Акрэсціна.

Алена Доўнар

На Алену Доўнар былі складзеныя два пратаколы: паводле арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі) і 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Суддзя Кастрычніцкага Суда Мінска Аляксандр Рудэнка пакараў журналістку арыштам на 15 сутак і штрафам у 50 базавых велічынь.

Сёння ў Гомелі на свабоду пасля 15-суткавага арышту мусіў выйсці журналіст Яўген Меркіс. Але сёння з ізалятара яго не вызвалілі. Яўгену ўдалося паведаміць з-за кратаў, што міліцыя пакідае яго яшчэ на 12 сутак — "дасядзець" жнівеньскі арышт, калі ён гэтаксама быў арыштаваны на 15 сутак паводле артыкула 23.34 КаАП нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Сёння ж у Мінску судзілі журналістку Марыю Грыц за другі пратакол, складзены на яе ўжо ў ізалятары на Акрэсціна. Але Суд Заводскага раёна адправіў новую справу журналісткі на дапрацоўку. Грыц таксама затрымалі ў суботу. У панядзелак, 28 верасня, яе судзілі і аштрафавалі на 20 базавых велічынь (пратакол па арт. 23.34 КаАП). У Марыі — гадавалая дачка, таму яе не могуць пакараць арыштам, але ўлады знайшлі магчымасць трымаць журналістку за кратамі — яна правяла ў ізалятары трое сутак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!